У Брэсце сілавікі скарысталі зброю супраць п'янага мужчыны
У Брэсце міліцыянеры скарысталі табельную зброю супраць 47-гадовага мясцовага жыхара, які пагражаў ім нажамі, паведамляе прэс-служба МУС.
Усё пачалося з таго, што да берасцейца прыехалі газавікі — адключыць газ за неаплату. Мужчына, які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення, пачаў паводзіць сябе агрэсіўна.
Калі на месца прыехалі выкліканыя газавікамі супрацоўнікі міліцыі, ён схапіў два нажы і пайшоў на іх, не рэагуючы на патрабаванні спыніцца. У выніку сілавікі стрэлілі яму ў ногі, каб абясшкодзіць. Пасля гэтага яму аказалі першую медыцынскую дапамогу і перадалі хуткай дапамозе.
Цяпер супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за пагрозу або прымяненне гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
У Слоніме мужчына разганяў сум, страляючы па вокнах суседзяў