Тайланд і Камбоджа абмяняліся ўдарамі на спрэчным участку дзяржаўнай мяжы
У ноч на 24 ліпеня на мяжы паміж Тайландам і Камбоджай адбылося ўзброенае сутыкненне. Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў пачатку агрэсіі, піша Бі-бі-сі.
Разбурэнні ў шпіталі на тэрыторыі Тайланда. Фота: AP Photo/Sunny Chittawil
Тайланд паведамляе пра 11 загінулых мірных жыхароў, сярод якіх — падлетак і васьмігадовае дзіця, а таксама пра гібель аднаго вайскоўца. Паводле слоў мясцовых уладаў, камбаджыйская армія абстраляла цывільныя аб’екты, у тым ліку бальніцы.
Сутыкненне адбылося каля старажытнага храма Та Маан Тхом, які знаходзіцца на спрэчнай тэрыторыі. Баявыя дзеянні працягваюцца прынамсі ў шасці месцах уздоўж мяжы.
Улады Тайланда пачалі эвакуацыю жыхароў з чатырох памежных правінцый: Сурын, Бурырам, Сісакет і Убанратчатхані. Таксама была абвешчаная поўная блакіроўка мяжы з Камбоджай, а грамадзян Тайланда заклікалі пакінуць гэту краіну.
Камбоджа сцвярджае, што яе салдаты дзейнічалі ў рэжыме самаабароны і толькі адказалі на агонь. Прэм’ер-міністр краіны Хун Манет заявіў, што ўлады былі вымушаны ўжыць сілу ў адказ на агрэсію.
Камбоджа абвінаваціла Тайланд у выкарыстанні цяжкой зброі і нанясенні авіяўдару па яе тэрыторыі. Згодна з іх данымі, бомбы трапілі не толькі ў вайсковыя аб’екты, але і ў дарогу. Тайланд пацвердзіў, што выкарыстаў шэсць знішчальнікаў F-16 для атакі на вайсковыя цэлі.
Канфлікт узмацніўся пасля таго, як Тайланд абвінаваціў Камбоджу ва устаноўцы мін, адна з якіх выбухнула пад тайскім вайскоўцам. У адказ Таіланд адклікаў свайго пасла з Пнампеня.
Напружанне паміж краінамі нарастала апошнія месяцы. Камбоджа ўвяла забарону на імпарт тайскіх прадуктаў і фільмаў, а шматлікія пункты пропуску на мяжы былі закрытыя.
Гэтае супрацьстаянне цягнецца ўжо больш за стагоддзе — абедзве краіны спрачаюцца за тэрыторыі вакол храмавых комплексаў Прэахвіхеа і Та Маан Тхом. Нягледзячы на рашэнне Міжнароднага суда ААН у 1962 годзе на карысць Камбоджы, канфлікты ў гэтым рэгіёне працягваюцца.
Чытайце таксама:
Прэм'ер-міністарку Тайланда адхілілі ад пасады з-за аднаго тэлефоннага званка
«Доступ да рынку ператвараецца ў зброю». Сі фарміруе новы азіяцкі альянс супраць ЗША
Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ