БЕЛ Ł РУС

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

23.07.2025 / 21:16

Nashaniva.com

У амерыканскага спевака Джэйсана Дэрула — аграмадная аўдыторыя. У інстаграме і ютубе ён мае па 40 мільёнаў падпісчыкаў. Сёння ў тэлеграм-канале беларускага ўрада з'явілася відэа, што ён прыехаў у Беларусь і сам прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын праводзіць яму экскурсію па Доме ўрада.

Скрыншот з відэа

Вітаючы незвычайнага госця, Турчын адзначыў поспехі ў музычнай кар’еры артыста і ўражвальную колькасць плацінавых дыскаў.

«Так, на працягу апошніх 16 гадоў я будаваў сваю музычную кар’еру», — пацвердзіў Джэйсан Дэрула і падзякаваў за магчымасць гэтай сустрэчы, якая для яго, маўляў, вялікі гонар.

Аляксандр Турчын запрасіў госця ў залу, дзе адбываюцца сустрэчы з міжнароднымі дэлегацыямі. Ён пацікавіўся, якое ўражанне на музыканта зрабіў Мінск.

«Я б хацеў зрабіць гэтае месца сваім домам», — з усмешкай адказаў артыст.

«Мне вельмі падабаюцца людзі тут. Усе ставяцца вельмі паважліва. Калі я гуляў па горадзе, усе ветліва падыходзілі, прасілі зрабіць фота. Вельмі прыемнае ўражанне ад людзей. Ежа вельмі смачная: усё, што я тут спрабаваў, вельмі спадабалася», — дадаў ён.

Дэрула запэўніў, што гэта не апошні ягоны візіт у Беларусь, у якую ён прыехаў з чатырохгадовым сынам.

«Калі вы вырашыце набыць дом — мы гатовыя дапамагчы», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Музыкант таксама выказаў жаданне падзяліцца сваёй творчасцю з беларусамі. Аляксандр Турчын і Джэйсан Дэрула абмеркавалі магчымасць арганізацыі канцэрта ў канцы верасня.

Джэйсан Дэрула — амерыканскі спявак, аўтар песень, акцёр, музыкант і танцор. За час сваёй кар’еры артыст здабыў папулярнасць у ЗША, а таксама ў краінах Амерыкі і Еўропы.

Раней паведамлялася, што спявак Джэйсан Дэрула 26 і 28 верасня выступіць з канцэртамі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Чытайце таксама:

«Сам бы пайшоў ваяваць, калі б галава не кружылася». Эдуард Малафееў расказаў пра свае крыўды, Лукашэнку і вайну

Спявачка Каця IOWA апранулася па матывах карціны Шагала «Прагулка» ФОТА

Аляксандр Саладуха трапіў у бальніцу і перанёс аперацыю

Каментары да артыкула