Зянковіч расказаў, як у СІЗА паклаў пад вядро газету з партрэтам Лукашэнкі і пісаў тлумачальную
«Я, Юрась Зянковіч, такога-то чысла быў дзяжурным. З мэтай гігіены падклаў газету пад вядро».
Юрась Зянковіч. Скрыншот відэа АНТ
Юрыст і былы палітвязень Юрась Зянковіч згадаў у сваім блогу забаўную гісторыю. У яго камеры ў СІЗА КДБ замест туалета было вядро, а пад яго — для чысціні — клалі газету. «Советскую Белоруссію».
Аднойчы раніцай у вязняў спыталі, чаму пад вядром партрэт Лукашэнкі.
«І загад: «пісаць тлумачальныя». Усім. У «амэрыканцы» няма звычайных спагнанняў, таму тлумачальныя — форма медытацыі: што зрабіў, чаму, мусіш раскаяцца і паабяцаць болей не ставіць вядро на бацьку. Мы пасмяяліся, напісалі», — апісвае Зянковіч.
Перад рэфэрэндумам 2022 года, згадвае Зянковіч, газеты былі перапоўненыя партрэтамі.
«Мой дзяжурны дзень. Трэба ставіць вядро. Перабіраю газеты. Без партрэта — ніводнай.
Выбіраю, дзе партрэт найменшы. Кладу яго тварам уніз. Зверху — вядро. Вяртаемся з прагулкі — і зноў той унікум (супрацоўнік СІЗА. — НН):
— Хто дзяжурны? Чаму зноў паставілі вядро на Прэзідэнта?! Пішыце тлумачэнне!!!
У камеры — выбух смеху. Пішу новую тлумачальную. Ручка скрыпіць:
Я, Юрась Зянковіч, такога-то чысла быў дзяжурным. З мэтай гігіены падклаў газету пад вядро. Пасля агляду ўсіх даступных выданняў высветлілася, што ніводнай старонкі без партрэта няма. Таму абрана старонка з партрэтам мінімальнага памеру, партрэт засланы вядром цалкам. Я не ведаю, што дзяжурны кантралёр шукаў пад вядром.
Больш мяне не чапалі. Напэўна, баяліся, што я зноў нешта падкладу».
Чытайце таксама:
Зянковіч пра скандальны рэстаран «Паедзем паядзім»: Гэта адно з найлепшых месцаў у горадзе