У Брэсце і Белаазёрску скардзяцца на шкодныя пахі і магчымыя выкіды з прадпрыемстваў
У Брэсце жыхары скардзяцца на рэзкі пах у паветры і пагаршэнне самаадчування. Паведамляюць пра млоснасць, паленне ў вачах. Праблема тычыцца раёнаў, размешчаных побач з прамысловай зонай: Дуброўка, Рэчыца, Казловічы і Клейнікі, піша BG.Media.
Фота: belintegra.by
Людзі мяркуюць, што непрыемныя пахі ідуць з цэха па вытворчасці эфіру каніфолі кампаніі СТіМ, які працуе з 2018 года, калі ў прамысловай зоне Брэста было вырашана пабудаваць аб'ект па вытворчасці цвёрдых смолаў на аснове сасновай жывіцы.
Улады заклікаюць не панікаваць і сцвярджаюць, што ў МНС нібыта не паступала афіцыйных зваротаў. Але жыхары сцвярджаюць адваротнае — скаргі ёсць, але праблема ігнаруецца.
Цікава, што падобныя праблемы ўзнікалі і раней, яшчэ з моманту запуску прадпрыемства: людзі крытыкавалі праект за скарачэнне санітарнай зоны, адсутнасць належнага аналізу рызык і шкоды для наваколля.
У Белаазёрску — аналагічная сітуацыя. Мясцовыя жыхары падазраюць, што выкіды ідуць з Бярозаўскай ДРЭС, якая працуе на прыродным газе.
Прадпрыемства сцвярджае, што ўсе паказчыкі ў межах нормы і кантроль за выкідамі вядзецца пастаянна. Аднак людзі скардзяцца на пахі і дрэннае самаадчуванне.
Афіцыйна ўлады прызнаюць, што звароты ад людзей ёсць. Але крыніцы забруджвання дакладна не вызначаюцца, а мераў не прымаюць. Гэта выклікае абурэнне: людзі адчуваюць шкоду, а адказу — няма.
Чытайце таксама:
«Камунарка» і «Спартак» пачнуць рабіць цукеркі з венесуэльскіх какава-бабоў
У Ляхавічах патлумачылі, хто вінаваты, што хлеб з мясцовага хлебазавода выйшаў як клей
Новы цэлюлозна-кардонны камбінат будуць будаваць у Дубровенскім раёне