У Малдове адмовіліся рэгістраваць выбарчы блок, які правёў свой з'езд у Маскве
Цэнтральная выбарчая камісія Малдовы 19 ліпеня адмовілася зарэгістраваць выбарчы блок «Перамога» для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 2025 года. Ён звязаны з прарасійскім бізнэсменам Іланам Шорам, піша Newsmaker.md.
Ілан Шор на з'ездзе «Перамогі» ў Маскве
Як заявіў намеснік старшыні малдаўскай ЦВК Павел Посціка, члены гэтага блока звязаныя з уцекачом-алігархам Іланам Шорам, які быў асуджаны ў Малдове на 15 гадоў зняволення. Посціка адзначыў, што Шор асабіста ўдзельнічаў у стварэнні гэтага блока, а тое, што з'езд «Перамогі» прайшоў у Маскве, выклікае падазрэнні ў незаконным фінансаванні з-за мяжы.
Прадстаўнік ЦВК таксама нагадаў, што ў Малдове забаронена ствараць палітычныя структуры на базе партый, прызнаных антыканстытуцыйнымі. Частка ж партый, што ўвайшлі ў блок, ужо фігуруюць у судовых працэсах — адна ў справе аб роспуску, іншыя — з абмежаваннем дзейнасці.
Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі «Перамогі» назвалі рашэнне ЦВК незаконным. У блок уваходзяць чатыры партыі: «Аднаўленне», «Шанец», «Альтэрнатыва і сіла выратавання Малдовы» і ўласна «Перамога».
6 ліпеня на з'ездзе ў Маскве Ілан Шор заявіў, што блок «Перамога» будзе ўдзельнічаць у выбарах, а яго спіс узначаліць башкан Гагаузіі Яўгенія Гуцул, супраць якой у Малдове таксама заведзеная крымінальная справа.
15 ліпеня Еўрасаюз увёў санкцыі супраць сямі чалавек і трох арганізацый, якіх абвінавачваюць у спробах дэстабілізацыі і пагрозах суверэнітэту Малдовы. У спіс трапілі і лідары партый, што ўваходзяць у блок «Перамога».
Чытайце таксама:
Былы прэзідэнт Малдовы марыць пасля выбараў аднавіць адносіны з Лукашэнкам
У Маскве паведамілі пра стварэнне пад выбары ў Малдове прарасійскага блока
Топ-3 карумпаваныя прэзідэнты Усходняй Еўропы — новы фэйк
У Малдове дапусцілі, што Расія ў выніку перамоў па Украіне выведзе войскі з Прыднястроўя