БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнта Інданезіі магло прывесці ў Беларусь жаданне набыць зброю

19.07.2025 / 17:58

Nashaniva.com

Паводле французскага выдання Intelligence Online, прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта нечакана завітаў у Мінск пасля візіту ў Францыю магчыма, для таго, каб дамовіцца пра закупкі зброі, піша Reform.news.

Фота: BPMI Setpres/BelTa

Перад гэтым Прабова Субіянта ўдзельнічаў у святкаванні 14 ліпеня ў Парыжы як ганаровы госць, але пасля адмовіўся ад запланаванай вячэры з прадстаўнікамі французскіх абаронных кампаній, спаслаўшыся на «адсутнасць новых кантрактаў». Такое рашэнне здзівіла французскі бок, хоць афіцыйна яно было названа «зменай фармату».

Асобным раздражальнікам у адносінах з Францыяй стаў ціск з боку Парыжа з мэтай прымусіць Інданезію прызнаць Ізраіль — гэта выклікала незадаволенасць у інданезійскага лідара. У выніку ягоны візіт у Францыю прайшоў у сціплым фармаце — з кароткай сустрэчай з Эмануэлем Макронам.

На фоне астывання сувязяў з Францыяй Інданезія актыўна дыверсіфікуе сваіх абаронных партнёраў. Замест французскіх самалётаў-знішчальнікаў Rafale краіна закупляе кітайскія J-10 і рыхтуе сваіх пілотаў да навучання ў Кітаі. Абмяркоўваюцца і закупкі кітайскіх падводных лодак.

Таксама адбываецца замена французскіх ракет Exocet на турэцкія аналагі ад кампаніі Roketsan, вядзецца супрацоўніцтва з ААЭ і Італіяй.

Асаблівую ўвагу французскія журналісты звяртаюць на тое, што пасля Парыжа Прабова Субіянта адразу накіраваўся ў Мінск. Паводле Intelligence Online, ён можа разлічваць на хуткую куплю беларускіх узбраенняў.

А ўлічваючы, што Беларусь не прадае зброю без узгаднення з Расіяй, гэты візіт выглядае вельмі адчувальным для Францыі, якая ў сваёй новай стратэгіі адкрыта назвала Расію доўгатэрміновай пагрозай.

Сам Прабова Субіянта афіцыйна патлумачыў візіт у Беларусь нібыта перамовамі па ўгнаеннях.

Чытайце таксама:

У Беларусь праездам з Еўропы зазірнуў прэзідэнт Інданезіі

Прэзідэнт Інданезіі прылятаў да Лукашэнкі, каб пагаварыць пра ўгнаенні

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Каментары да артыкула