У Мінску затрымалі пенсіянера, які чыніў самасуд над кіроўцамі
У Мінску міліцыя затрымала пенсіянера, які караў кіроўцаў аўтамабіляў за шум і няправільную паркоўку. Мужчына страляў з пнеўматычнай зброі па машынах, кідаў камяні і пустыя бутэлькі. Ён быў абураны тым, што каля ягонага дома гучна размаўлялі або аўтамабілі стаялі няправільна.
Скрыншот з відэа
Пяць аўтамабілістаў звярнуліся ў міліцыю з паведамленнямі пра пашкоджанні сваіх машын. Высветлілася, што ўся нанесеная шкода — справа рук аднаго чалавека. Усяго ён нанёс страт на суму больш за 4000 рублёў.
Мужчына ў сваё апраўданне казаў, што яму не падабаўся шум і неахайная паркоўка каля яго дому, а таксама калі доўга не глушылі рухавікі машын. Адзін раз ён нават падрапаў машыну камянём на паркоўцы каля паліклінікі, бо кіроўца паводзіўся агрэсіўна.
Цяпер пенсіянера будуць судзіць за яго паводзіны. Міліцыя пачала супраць яго справу за хуліганства.
Чытайце таксама:
Пад Мінскам дзеці складалі камяні на рэйкі
У Слоніме мужчына разганяў сум, страляючы па вокнах суседзяў