Польку затрымалі ў Гданьску за абразу беларускі
У Гданьску 58-гадовую польку абвінавачваюць у абразе беларускі па нацыянальнай прыкмеце, піша Reform.news.
У нядзелю паліцыі паведамілі пра канфлікт у камеры захоўвання на чыгуначным вакзале ў Гданьску. Як устанавілі паліцыянты, 58-гадовая жыхарка Варшавы прыехала ў Гданьск з сяброўкамі і пакінула сумкі ў камеры захоўвання. Калі яна вярнулася па рэчы, то прад’явіла толькі адзін з двух жэтонаў.
Супрацоўніца камеры захоўвання, грамадзянка Беларусі, адмовілася выдаваць другую сумку без жэтона або чэка. Турыстка пачала паводзіць сябе агрэсіўна і крычаць, а затым адштурхнула супрацоўніцу, абразіла яе па нацыянальнай прыкмеце і ўвайшла ў службовую зону камеры захоўвання.
Жанчыну затрымалі. Ёй прад’яўлены абвінавачанні ў абразе грамадзянкі Беларусі з прычыны яе нацыянальнай прыналежнасці. За гэта злачынства пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.