БЕЛ Ł РУС

Адказнасць за забойства палкоўніка СБУ Вароніча ў Кіеве ўзяла на сябе неанацысцкая групоўка «База»

17.07.2025 / 7:52

Nashaniva.com

Украінская ячэйка неанацысцкай групоўкі «База» ўзяла на сябе адказнасць за забойства палкоўніка Службы бяспекі Украіны Івана Вароніча, паведамляе The Guardian са спасылкай на заяву, апублікаваную 16 ліпеня ў тэлеграм-канале, меркавана звязаным з гэтай групоўкай.

«Забойства палкоўніка СБУ — не канец, а толькі пачатак», — прыводзіць паведамленне The Guardian. У іншым допісе, як сцвярджаецца, дададзена: «Паляванне працягваецца!»

Па інфармацыі крыніц The Guardian у сферы барацьбы з тэрарызмам, паведамленні выглядаюць праўдападобна і сведчаць пра рост актыўнасці «Базы». Суразмоўцы выдання паведамілі, што ўкраінская ячэйка гэтай групоўкі актыўная з сакавіка — за гэты час, па іх словах, яна здзейсніла не менш за 10 падпалаў аб’ектаў інфраструктуры.

Характар злачынства адпавядае заявам і пагрозам, якія групоўка рэгулярна публікуе, гаворыцца ў публікацыі.

Палкоўніка СБУ Івана Вароніча застрэлілі раніцай 10 ліпеня ў Галасееўскім раёне Кіева. Гэта адбылося, калі ён выходзіў з пад’езда свайго дома — невядомы некалькі разоў стрэліў у яго з пісталета і знік.

Вароніч служыў у Цэнтры спецыяльных аперацый, які займаўся дыверсіямі супраць расійскіх сіл з 2014 года.

СБУ сцвярджае, што Вароніча забілі агенты расійскіх спецслужбаў па заданні ФСБ. Згодна з паведамленнем СБУ, агентаў, грамадзян Азербайджана, знайшлі ў Кіеўскай вобласці. Пры затрыманні яны аказалі супраціў і былі забіты.

Чытайце таксама:

Застрэлены ў Кіеве палкоўнік СБУ кіраваў групай, якая ліквідавала «Матаролу»

Забойства палкоўніка СБУ ў Кіеве здзейснілі грамадзяне Азербайджана

Каментары да артыкула