БЕЛ Ł РУС

Піт Паўлаў і Сяргей Марцалеў здымаюцца ў польскім кіно — вось як і навошта

21.07.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Музыка Піт Паўлаў і палітолаг Сяргей Марцалеў знайшлі сабе незвычайны занятак — у вольны час яны граюць невялічкія ролі ў польскіх фільмах. Вось як гэта працуе і навошта ім гэта.

Фота: Martselev Sergey / Facebook, pitpawlaw / Instagram

Марцалеў: «Гэта, вядома, не грошы, але ўсё роўна лепш, чым ляжаць уверх пузам на канапе»

Сяргей кажа, што ўпершыню апынуўся па той бок экрана яшчэ ў 1990-я, калі быў студэнтам факультэта міжнародных адносін БДУ. Стыпендыя была невялікая, а падзарабіць хацелася. Таму ён здымаўся ў масоўцы фільмаў расійскага рэжысёра Дзмітрыя Астрахана, які на той час ладзіў здымкі ў Беларусі. Марцалеў вярнуўся да здымак у пачатку 2010-х, калі атрымаў крымінальны прысуд па справе Плошчы-2010 і меў праблемы з працаўладкаваннем. 

Цяпер ён асвойвае кінапляцоўкі Польшчы. Усё пачалося восенню 2024 года, калі беларус страціў працу. Тады Сяргей зняўся ў польскай масоўцы каля 10 разоў, а потым чатыры месяцы адпрацаваў у адным з беларускіх медыя.

У красавіку 2025-га Марцалеў пайшоў з той медыйнай працы і зноў акунуўся ў масоўку:

«Тое, што там плацяць — гэта, вядома, не грошы, але ўсё роўна лепш, чым ляжаць уверх пузам на канапе. Ёсць нейкая актыўнасць, мінімальныя капейкі. 

А яшчэ там вельмі спецыфічная атмасфера. Калі стала працуеш на заводзе, вядома, заробіш болей. Але тут ёсць нічым не перадаваныя эмоцыі, камунікацыя з людзьмі, якіх ты да гэтага бачыў толькі на экране і чытаў іх інтэрв’ю. Гэта не нудна, і ў канцы дня не адчуваеш сябе выматаным як ад фізічнай працы».

Сяргей называе некалькі вядомых польскіх акцёраў, з якімі здымаўся — Павел Малашынскі, Караліна Грушка, Олаф Любашэнка.

На пляцоўцы ён сустракаў і беларусаў — праўда, у масоўцы: напрыклад, гэта быў бард і пісьменнік Зміцер Бартосік.

Пра тое, у якіх канкрэтна фільмах ён здымаўся, Марцалеў не кажа, каб не парушыць дамовы аб неразгалошванні. Але, паводле яго слоў, гэта былі некалькі серыялаў, якія здымаюць у Польшчы пад эгідай «Нэтфлікса». Пакуль яшчэ ніводны з гэтых серыялаў не выйшаў.

Таксама хочаце ў кадр? Марцалеў расказвае, як туды трапіць:

«Упэўнены, што ў кожнай краіне ёсць свае тэматычныя групы пра гэта ў сацсетках. Адсочваю ўсе такія прапановы праз суполкі ў польскіх сегментах тэлеграма і фэйсбука. Думаю, можна ў пошуку проста ўвесці некалькі ключавых слоў на мове краіны накшталт «здымкі» або «кіно», і вынік будзе.

Там можна браць свежыя прапановы ад рэкрутынгавых агенцтваў або наўпрост ад вытворцаў кіно ці рэкламы. Рэкруцеры зарабляюць на табе яшчэ 20%, так што прапановы, якія прыходзяць наўпрост да цябе, атрымліваюцца трошкі выгаднейшымі».

Сяргей Марцалеў на кінапляцоўцы. Фота: Martselev Sergey / Facebook

Каб граць у масоўцы, не трэба ведаць мову здымак дасканала, важна толькі разумець каманды рэжысёра. У кадры масоўка не гаворыць.

Збольшага статыстам — так называюць акцёраў масоўкі — прапануюць па 100-130 злотых за дзень здымак, прыкладна 30-35 даляраў. Бываюць здымкі, дзе можна атрымаць і па 160—180 злотых, то-бок прыкладна 40-45 даляраў.

Здымачны дзень складаецца не толькі з працы ў кадры:

«Пасля таго, як ты падпісаў дамову, ты гадзіну-дзве проста чакаеш загады каардынатара групы — гэта або рэжысёр, або яго асістэнт. У гэты час можна вучыць замежную мову, чытаць мастацкую літаратуру, слухаць музыку — каму што падабаецца.

Пра статыстаў заўжды клапоцяцца, хаця б мінімальна. Прыйшоў ранкам — ёсць колькі хочаш гарбаты і кавы, нават з малаком, табе выдаюць бутэрброд. Потым кормяць абедам. Ён не такі шыкоўны, як у акцёраў, але хапае, каб падсілкавацца».

Каб трапіць у статысты, трэба прайсці адбор. Для гэтага будучыя акцёры масоўкі рыхтуюць заяўкі, дзе пазначаюць, акрамя ўсяго іншага, свае рост і вагу, памер абутку і вымярэнні цела.

Але галоўнае — фоты. Статысту хопіць і аматарскай фатасесіі, а вось калі хочацца вырасці да акцёра эпізадычных сцэн, мусіш інвеставаць у прафесійнага фатографа.

Заяўкі трапляюць да рэкрутынгавай групы, і яе кіраўнік паказвае фоты прэтэндэнтаў рэжысёру ці асістэнту рэжысёра, а той выбірае статыстаў. Калі ж хочаш зняцца ў эпізодзе, трэба запісаць відэавізітку на дзве-тры хвіліны з расповедам пра сябе.

Затое эпізадыстам плоцяць болей:

«У іх ганарар прыкладна ад 90 даляраў за дзень. Здымкі ў эпізадыстаў карацейшыя, бо яны граюць толькі ў адной-дзвюх сцэнах».

Пра тое, чаму беларусы ідуць у масоўку за мяжой, Марцалеў кажа песімістычна:

«Усе па-рознаму адаптуюцца да новых умоў жыцця і вымушаныя займацца абсалютна рознымі рэчамі, задумвацца пра новую прафесію, бо не ва ўсіх і не заўсёды ўдаецца знайсці сябе ў эміграцыі. Але трэба імкнуцца да таго, каб знайсці сваё месца на новай зямлі».

Паўлаў: «Тут часта запрашаюць на здымкі каскадзёраў, і я прапанаваў свае паслугі»

У саліста N.R.M. Піта Паўлава зусім іншая матывацыя здымацца ў кіно. Ён расказаў «Нашай Ніве», што даўно жадае зняць уласны фільм ці серыял. Калі Піт аказаўся ў Польшчы, пачаў шукаць выхады на мясцовых кіношнікаў, і ў працэсе знайшоў магчымасць здымацца ў польскім кіно.

На здымках. Фота: Martselev Sergey / Facebook

Піт Паўлаў кажа, што ёсць некалькі чатаў, дзе можна знайсці прапановы наконт здымак:

«Абіраю праекты, што мяне цікавяць, бо сам збіраюся здымаць нешта падобнае — гістарычныя, касцюмаваныя серыялы або фільмы. А яшчэ тут часта запрашаюць на здымкі каскадзёраў, і я прапанаваў свае паслугі, але пакуль што не атрымаў ніводнай прапановы».

Піт здымаецца ў масоўцы, калі мае на гэта час, бо цяпер музыка заняты ў падрыхтоўцы новага альбома N.R.M. Але ён здолеў зняцца і ў больш значных ролях — былі ў яго ролі, якія ён называе «звышэпізадычнымі». Гэта праекты, дзе музыку трэба было сыграць беларуса ці ўкраінца з крымінальнага свету. Ён добра размаўляе па-польску, але мае ўсходнеславянскі акцэнт, таму добра пасуе для такіх роляў. На больш маштабныя ролі Піта пакуль не бяруць — для гэтага ў рэжысёраў ёсць польскія акцёры.

Спявак прызнаецца, што, калі б не быў музыкам, напэўна, пайшоў бы ў рэжысёры ці прадзюсары — здымаў бы кіно, серыялы. Кінасвет яго вабіць яшчэ і тым, што на пляцоўцы сярод масоўкі можна сустрэць цікавых людзей. Гэта часта ўкраінцы ці беларусы, якія не знайшлі рэгулярную працу, а яшчэ творчыя людзі.

Калі ж на пляцоўцы ёсць статысты-палякі, з імі можна пачаць гістарычную дыскусію. Калі ёсць такі суразмоўца, у перапынках паміж дублямі Паўлаў можа з ім паразважаць пра супольных нацыянальных герояў Беларусі і Польшчы:

«Заўважыў, што ў палякаў даўно існуе сваё разуменне польскай гісторыі, дакладна прапісанае. У ім гісторыя нашай краіны разглядаецца як нейкая недарэчнасць».

Беларус кажа пра занятасць у кіно вельмі паэтычна:

«Для мяне яшчэ цікава, што я ўвесь час пішу сцэнар свайго сучаснага жыцця. І тут ёсць такі дзіўны феномен: на пляцоўцы ёсць акцёры, пра якіх палякі кажуць, што яны вельмі вядомыя. Але ў маім уласным серыяле, які я пра сябе пішу і здымаю, галоўная зорка — гэта я сам, а гэтыя польскія зоркі — статысты.

Пры гэтым я сам статыст у іх польскім фільме. Гэта вельмі цікавы ментальны досвед, які быў бы немагчымы ў любым іншым месцы».

Чытайце таксама:

Паўтары гадзіны чыстага драйву. Як у Вільні прайшоў канцэрт N.R.M. ФОТАРЭПАРТАЖ

Новы «Супермен» атрымаўся на рэдкасць душэўным і без глянцу

Найлепшыя серыялы года: спіс усіх намінантаў на прэмію «Эмі»

Каментары да артыкула