БЕЛ Ł РУС

Пуцін адхіліць ультыматум Трампа і рыхтуецца да новай эскалацыі ва Украіне

15.07.2025 / 22:6

Nashaniva.com

Пагроза Дональда Трампа ўвесці 100-працэнтныя мыты супраць краін-пакупнікоў расейскай нафты і 50-дзённы ультыматум з патрабаваннем спыніць агонь, не змаглі паўздзейнічаць на мысленне Уладзіміра Пуціна. Яго не палохае перспектыва ўзмацнення строгасці амерыканскіх санкцый і ён настроены працягваць вайну да таго часу, пакуль Захад не пагодзіцца на яго ўмовы ўрэгулявання, расказалі Reuters тры блізкія да Крамля крыніцы.

Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Image

Паводле звестак Reuters, расійскія войскі працягваюць наступленне, і цяпер пад іх кантролем ужо пятая частка тэрыторыі Украіны. У сувязі з гэтым, як лічаць суразмоўцы агенцтва, Пуцін можа пашырыць свае тэрытарыяльныя патрабаванні. У найбліжэйшыя месяцы магчымая новая эскалацыя вайны.

Адна з крыніц заявіла, што Пуцін будзе ваяваць да таго часу, пакуль украінская абарона не разваліцца, нават нягледзячы на вялізныя страты, якія заходнія разведкі ацэньваюць у мільён забітых і параненых.

Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што Расія дзейнічае зыходзячы з таго, што Украіна слабее. Калі Пуціну ўдасца ўзяць пад поўны кантроль усе чатыры анексаваныя вобласці і сустрэць моцны супраціў, наступленне можа спыніцца. Але калі фронт Украіны абваліцца, то наступ можа працягнуцца ўжо на Днепрапятроўск, Сумы і Харкаў.

Пуцін таксама працягвае патрабаваць юрыдычных гарантый, што НАТА не будзе пашырацца на ўсход, што захопленыя тэрыторыі застануцца за Расіяй, што ўкраінская армія будзе абмежаваная, а рускамоўнае насельніцтва атрымае «абарону». Ён нібыта гатовы весці перамовы пра гарантыі бяспекі для Украіны ад іншых краін, але як гэта будзе выглядаць на практыцы — пакуль незразумела.

Крыніцы таксама кажуць, што Пуцін перакананы: з ім дагэтуль ніхто сур’ёзна не абмяркоўваў умовы міру, у тым ліку ЗША. Таму ён мае намер працягваць вайну, пакуль не атрымае жаданае.

Акрамя таго, ён мяркуе, што Расія мае перавагу не толькі на фронце, але і эканамічную — вытворчасць боепрыпасаў і зброі ў Расіі, паводле яго інфармацыі, вышэйшая, чым ва ўсіх краін НАТА разам узятых.

Чытайце таксама:

Трамп адгаварыў рэспубліканцаў ад падтрымкі закона аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі

Крэмль аб апошніх заявах Трампа: Нам патрэбны час для аналізу

«Патэлефануйце Пуціну»: Рутэ папярэдзіў Кітай, Індыю і Бразілію пра другасныя санкцыі

Пуцін папярэдзіў Трампа, што ў наступныя 60 дзён плануе чарговы наступ на ўсходзе Украіны

Трамп заявіў, што Зяленскі не павінен наносіць удары па Маскве, а дальнабойных ракет Украіне ён не дасць

Каментары да артыкула