БЕЛ Ł РУС

Дзяржаўныя сацыёлагі: Беларусы найперш звязваюць сваю дзяржаўнасць з Вялікім Княствам Літоўскім

15.07.2025 / 17:36

Ф. Раўбіч

Нягледзячы на няспынныя спробы прарасійскіх сіл выкрасліць перыяд ВКЛ з беларускага наратыву, менавіта яго лічыць пачаткам беларускай дзяржаўнасці найбольшая доля беларусаў. І чым маладзейшае пакаленне, тым гэта адбываецца найчасцей. Перыяд Расійскай Імперыі пачаткам беларускай дзяржаўнасці не лічыць амаль ніхто.

Помнік Гедыміну насупраць Лідскага замка. Фота: Яндэкс Карты

У красавіку 2025 года Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў апытанне, каб вывучыць стаўленне жыхароў краіны да падзей Другой сусветнай вайны.

Вынікі дзяржаўных апытанняў пра палітыку скажоныя. А вось даследаванні на іншыя тэмы часам паказваюць рэалістычныя вынікі.

Чытайце: «70% мала, давайце 90%». Як Шпілеўская патрабавала ад Коршунава змяніць вынікі сацапытання

Усяго быў апытаны 901 чалавек з усёй краіны.

У рамках даследавання ўдзельнікам было прапанавана адказаць на пытанне пра тое, з якога перыяду пачынаецца гісторыя беларускай дзяржаўнасці.

Найбольшая колькасць рэспандэнтаў — 22,4% — назвалі пачаткам гісторыі беларускай дзяржаўнасці часы Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым сярод моладзі гэтак лічаць аж 46%, у той час як сярод старэйшага пакалення толькі 16%.

Вынікі апытання наконт перыяду, які беларусы лічаць пачаткам сваёй дзяржаўнасці. Фота: Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Другое месца займае перыяд раннесярэдневяковых княстваў — яго лічаць пачаткам беларускай дзяржаўнасці 16,5% рэспандэнтаў. Тут таксама істотны разрыў паміж моладдзю і пенсіянерамі — 21,4% супраць 11,5% адпаведна.

Фармулёўка «раннесярэдневяковыя княствы» ў апытанні замест «рускія княствы» ўжо выклікала абурэнне сярод прарасійскіх сіл. 

Што цікава, людзі пенсійнага ўзросту часцей за моладзь лічаць, што беларуская дзяржаўнасць пачалася з даты абвяшчэння БНР — 9,6% супраць 4,3%. А сярэдняя ўзроставая група часцей за моладзь адлічвае пачатак ад перыяду незалежнай Беларусі — 15% супраць 3,8%.

Следам за ВКЛ і раннесярэдневяковымі княствамі ў спісе ідуць БССР — 12,9%, Рэспубліка Беларусь — 12,3%, БНР — 7,4% і Рэч Паспалітая — 5,9%.

Замыкае спіс перыяд Расійскай Імперыі, з якім пачатак беларускай дзяржаўнасці звязвае найменшая доля апытаных — усяго 3,1 %.

У даследаванні ўдакладняецца, што часцей гісторыю беларускай дзяржаўнасці адлічваюць з часоў ВКЛ жыхары гарадоў — 25%, у той час як сярод вяскоўцаў так лічаць толькі 12,8% апытаных.

Сельскія жыхары часцей за гарадскіх адлічваюць пачатак беларускай гісторыі з перыяду існавання БССР — 19,5% супраць 11%.

Ёсць і гендарныя адрозненні ў адказах рэспандэнтаў: мужчыны часцей за жанчын называюць пачаткам беларускай дзяржаўнасці ВКЛ (27,1% супраць 18,3%), а жанчыны, у сваю чаргу, часцей за мужчын называюць перыяд раннесярэдневяковых княстваў — 19% супраць 13,5%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула