Расійскі суд завочна даў 14 гадоў калоніі пісьменніку Акуніну
Другі Заходні акружны вайсковы суд у Расіі завочна прысудзіў вядомага пісьменніка Барыса Акуніна (сапраўднае імя — Грыгорый Чхарцішвілі) да 14 гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у «апраўданні тэрарызму», «садзейнічанні тэрарыстычнай дзейнасці» і ўхіленні ад выканання абавязкаў «замежнага агента».
Барыс Акунін
Акрамя таго, Барысу Акуніну забаронена на 4 гады весці інтэрнэт-рэсурсы, а таксама прызначаны штраф у 400 тысяч расійскіх рублёў.
Следчы камітэт сцвярджае, што Акунін нібыта заклікаў да гвалтоўнай змены ўлады ў Расіі і апраўдваў дзеянні Украіны, якую расійскія ўлады лічаць «тэрарыстычнай дзяржавай». Таксама адзначаецца, што ў 2024 годзе яго двойчы прыцягвалі да адказнасці за парушэнне законаў аб «замежных агентах».
Акунін з іроніяй адрэагаваў на прысуд, заявіўшы, што «наступны пост напіша ў 2043 годзе — калі яму будзе 87». Ён таксама падкрэсліў, што не прызнае расійскі суд і не ўдзельнічае ў гэтым працэсе.
Пісьменнік пакінуў Расію ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыму і цяпер жыве ў Вялікабрытаніі. З пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе адкрыта асуджае дзеянні расійскіх уладаў і падтрымлівае Украіну.
Чытайце таксама:
Дзярждума РФ прыняла закон аб забароне размяшчаць рэкламу ў «замежных агентаў»
Суд у Маскве завочна арыштаваў Акуніна
У выдавецтва, якое друкавала кнігі Акуніна, прайшлі з ператрусам
Барыса Акуніна ўнеслі ў спіс тэрарыстаў і экстрэмістаў у Расіі