Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што Францыя разам з Вялікабрытаніяй гатовыя накіраваць ва Украіну 50 тысяч салдат і афіцэраў у якасці міратворцаў. Па яго словах, гэтая колькасць утворыць армейскі корпус, здольны ўдзельнічаць у буйных баявых дзеяннях, піша The Moscow Times.
Кір Стармер, Эмануэль Макрон і Уладзімір Зяленскі. Фота: Simon Dawson / No 10 Downing Street
Франка-брытанскія сілы, як мяркуецца, стануць асновай міжнароднага кантынгенту, які будзе кантраляваць выкананне перамір’я.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер паведаміў, што план місіі гатовы і можа быць ажыццёўлены літаральна праз некалькі гадзін пасля падпісання дамовы аб спыненні агню паміж Украінай і Расіяй. Ён падкрэсліў, што гэты план добра прадуманы і разлічаны на доўгатэрміновую перспектыву. Макрон дадаў, што 30 краін будуць удзельнічаць у падтрымцы перамір’я і дапамагаць у аднаўленні ўкраінскага войска.
Раней абмяркоўвалася магчымасць накіравання каля 30 тысяч міратворцаў, якія павінны былі быць размешчаныя ў Кіеве, Адэсе і Львове для падтрымкі УСУ. Расія выступіла супраць прысутнасці войскаў краін НАТА ва Украіне і папярэдзіла, што гэта зробіць іх бокам канфлікту.
Эмануэль Макрон таксама падкрэсліў, што для прысутнасці еўрапейскіх міратворцаў пасля вайны зусім не патрабуецца згода Расіі, бо Украіна — суверэнная дзяржава і сама вырашае, каго запрашаць на сваю тэрыторыю. Ён адзначыў, што пытанне міратворчага кантынгенту будзе часткай мірных перамоваў, бо Украіна не можа згаджацца на тэрытарыяльныя страты без гарантый бяспекі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней выказваў жаданне бачыць 100 тысяч міратворцаў на ўкраінскай тэрыторыі для забеспячэння выканання мірнай дамовы. ЗША падтрымалі ідэю еўрапейскага кантынгенту, але самі сваіх вайскоўцаў пасылаць не будуць.
Чытайце таксама:
Стармер паставіў умову для ўводу брытанскіх войскаў ва Украіну
Мерц: Еўропа далёкая ад таго, каб гаварыць аб увядзенні войскаў ва Украіну
Вялікабрытанія можа адмовіцца ад адпраўкі міратворцаў ва Украіну з-за рызыкі вайны з Расіяй