Беларускі верталёт намагаўся збіць дрон, што заляцеў у Літву
Паводле інфармацыі ініцыятывы iSANS, дрон, які заляцеў у Літву з Беларусі, з'яўляецца расійскім беспілотнікам тыпу «Гербера». Падчас знаходжання ў паветранай прасторы Беларусі яго суправаджаў верталёт Мі-35М беларускіх Вайскова-паветраных сіл, які спрабаваў яго збіць.
Дрон, які ўпаў у Літве
Расійскі беспілотны апарат тыпу «Гербера» (імітацыя іранскага Shahed-136, які выкарыстоўваецца для перагрузкі сістэм супрацьпаветранай абароны) разбіўся 10 ліпеня каля 11:40 па літоўскім часе на тэрыторыі Літвы, у раёне закрытага пункта пропуску Шумскас, прыкладна за 1 км ад мяжы з Беларуссю, паведамляе ініцыятыва iSANS.
Паводле інфармацыі даследчыкаў, перад падзеннем дрон суправаджаў верталёт Мі-35М Вайскова-паветраных сіл Беларусі, які спрабаваў яго збіць.
З вечара 9 ліпеня на тэрыторыю Беларусі з боку Украіны заляцела не менш за 20 расійскіх дронаў: 5 вярнуліся назад ва Украіну, 13 зніклі з радараў, а 2 былі збітыя або разбіліся на тэрыторыі Беларусі.
Схема: iSANS_CEE / Х
Пасля інцыдэнту ў Літве адбылася эвакуацыя прэм’ер-міністра і спікера Сейма ў сховішча.
Літоўскія памежнікі спачатку прынялі аб'ект за іранскі беспілотнік шахед, а пазней выпусцілі паведамленне, што гэта быў «самаробны самалёцік» з фанеры і пенапласту.
Эксперт Ян Матвееў у каментары для «Волны» адзначыў, што гэта нагадвае «Герберу» — лёгкі, аднаразовы дрон-прыманку, прызначаны для перагрузкі сістэм ПРА і выяўлення пазіцый радарных комплексаў. Ён таксама падкрэсліў, што такі апарат можа быць абсталяваны і невялікай баявой часткай.