БЕЛ Ł РУС

Славакія адмаўляецца здымаць вета з новага пакета санкцый ЕС супраць Расіі

9.07.2025 / 18:52

Nashaniva.com

Славакія пацвердзіла, што не падтрымае 18-ы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі, пакуль не будуць улічаныя яе інтарэсы. Пытанне разглядалася на пасяджэнні Камітэта пастаянных прадстаўнікоў ЕС, піша Euronews.

Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца. Фота: AP/ Denes Erdos

Нягледзячы на надзеі дыпламатаў на хуткі кампраміс, Браціслава працягвае блакаваць рашэнне, асабліва ў частцы, якая тычыцца паступовай адмовы ад расійскага выкапнёвага паліва да канца 2027 года.

Паводле ўмоваў санкцый, кароткатэрміновыя закупкі расійскіх нафты і газу павінны спыніцца ўжо да канца 2025 года, а да 2027-га мае адбыцца поўная ад іх адмова. Славакія, як краіна без выхаду да мора, выступае супраць такога падыходу, асцерагаючыся росту цэнаў, пагаршэння канкурэнтаздольнасці і рызыкі для энергетычнай бяспекі.

Пасля апошняга саміту ЕС прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца запатрабаваў фінансавую кампенсацыю за магчымыя страты, звязаныя з адмовай ад расійскага газу, хоць дакладныя лічбы не называў. Ён сцвярджае, што Славакіі пагражае пазоў ад «Газпрама» на суму ад 16 да 20 мільярдаў еўра, бо дзейны кантракт дзейнічае да 2034 года. Еўракамісія ж настойвае, што гэта можна будзе ацаніць як форс-мажор.

На мінулым тыдні ў Славакію прыбыла місія еўрапейскіх экспертаў, каб абмеркаваць пытанні дыверсіфікацыі энергазабеспячэння і дапамагчы краіне падрыхтавацца да пераходу на іншыя крыніцы энергіі. Намесніца прэм’ера і міністарка эканомікі Дэніса Сакава адзначыла, што перамовы з Еўракамісіяй былі важным крокам, аднак пра прарыў пакуль не паведамлялася.

Брусэль пакуль не гатовы абмяркоўваць новыя субсідыі, але заяўляе, што працуе над стабільнасцю паставак для Славакіі. Еўракамісар па энергетыцы Дан Ёргенсэн заявіў, што з разуменнем ставіцца да клопатаў Славакіі і што Еўрасаюз шукае рашэнні разам з суседнімі краінамі, каб не дапусціць дэфіцыту або рэзкага росту цэнаў.

Наступнае пасяджэнне паслоў ЕС — 11 ліпеня, а сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЕС — 16 ліпеня. Дыпламаты спадзяюцца, што кампраміс удасца знайсці да таго часу.

Чытайце таксама:

ЕС працягнуў эканамічныя санкцыі супраць Расіі яшчэ на паўгода

Міністр замежных спраў Славакіі заявіў, што, магчыма, Расіі трэба «дараваць усё, што адбылося»

Венгрыя і Славакія заблакавалі новы пакет санкцый ЕС супраць Беларусі і Расіі

Пасол Славакіі салідарызаваўся з Лукашэнкам і выступіў супраць падтрымкі Украіны

Каментары да артыкула