Фрыдман: Чаму амерыканцы раптам павінны паставіць сваёй мэтай вызваленне палітзняволеных у Беларусі і яшчэ больш — абмяняць іх на санкцыі?
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман падзяліўся сваімі развагамі з нагоды цынічнай заявы Юрыя Васкрасенскага.
Спецпасланнік Дональда Трампа Кіт Келаг і Аляксандр Лукашэнка. 20 чэрвеня 2025 года. Фота: president.gov.by
«Калі я назіраю за ўсёй гэтай дыскусіяй — перамовы амерыканцаў з Лукашэнкам і тэма палітзняволеных, — вельмі часта гэта прадстаўляецца як дадзенае. Тое, што амерыканцы выстаўляюць такія патрабаванні, што амерыканцам гэта так важна.
Я не разумею, чаму гэта амерыканцам так важна, шчыра кажучы. Чаму амерыканцы не змагаюцца ні ў адной краіне за вызваленне палітзняволеных. (…)
[За вызваленне] амерыканскіх грамадзян — так, безумоўна. Адміністрацыя Трампа змагаецца за вызваленне амерыканскіх грамадзян у розных краінах — ад Кувейта да Беларусі. Гэта факт. Але не змагаецца гэтая адміністрацыя за вызваленне палітзняволеных у Кітаі, Іране, Турцыі. Тут можна працягваць са спісам краін.
А чаму яны раптам павінны паставіць сваёй мэтай вызваленне палітзняволеных у Беларусі і яшчэ больш — абмяняць палітзняволеных Беларусі на тое, што ім можа прадставіць Лукашэнка — на рэальныя, сур'ёзныя, дзейнічаючыя эканамічныя санкцыі?» —
выказаў свой погляд аналітык Аляксандр Фрыдман у інтэрв'ю ютуб-праекту «Обычное утро».
«Калі мы возьмем словы Васкрасенскага, гранічна цынічныя: (…) «Адкрыйце паветраную прастору і Бяляцкі апынецца на свабодзе». Па-першае, гэта не амерыканцы. Паветраная прастора — гэта пытанне еўрапейскае.
Але чаму мы сыходзім з таго (гэта вельмі цынічна, тое, што я цяпер скажу, але ўсё ж для кантэксту я скажу гэта так), што еўрапейцы гатовыя ахвяраваць вось гэтай санкцыяй для таго, каб Алесь Бяляцкі выйшаў на свабоду? Чаму мы сыходзім з гэтага, быццам бы гэта нейкі аўтаматызм?» — даводзіць аналітык.
На яго думку, такі погляд памылковы, бо Лукашэнку няма чаго прапанаваць ЗША:
«З майго пункту гледжання, на жаль (я падкрэсліваю — на жаль), гэта ні ў якім разе не аўтаматызм. Так што ў гэтым сэнсе, Лукашэнку няма асабліва чаго амерыканцам прапанаваць».
Нават у пытаннях бяспекі, на погляд аналітыка, Лукашэнка не можа нічога сур'ёзнага прапанаваць, бо залежыць у гэтым пытанні ад Расіі:
«Якая каштоўнасць яго нейкіх абяцанняў у галіне бяспекі? Вось паабяцае Лукашэнка амерыканцам пры наступнай сустрэчы: «Хлопцы, ядзерную зброю прыбяром з тэрыторыі Беларусі». Яны яму скажуць: «Ну добра, што ты хочаш прыбраць. Але ж мы ведаем, што гэта не тваё рашэнне, што апошняе слова будзе за тваім «старэйшым братам». Вось і ўсё».
На погляд Фрыдмана, вызваленне палітзняволеных, якое было прымеркавана да візіту Келага ў Мінск, для Лукашэнкі гэта «спроба паказаць, наколькі далёка ён гатовы пайсці ў рамках супрацоўніцтва», а для амерыканцаў — рэпутацыйныя дывідэнды і магчымасць апраўдаць сам факт дыялогу з аўтарытарным лідарам:
«Для Келага (і ўвогуле для амерыканцаў), прыязджаючы ў Беларусь, важна было з'ехаць не з пустымі рукамі, каб потым не з'явілася недзе ў Washington Post ці The New York Timеs публікацыя аб тым, што амерыканская дэлегацыя паехала да апошняга дыктатара Еўропы, вяла з ім перамовы, чаі з ім ганяла, абдымалася і гэтак далей. А так можна заявіць — мы не проста так туды паехалі, мы выцягнулі людзей».
Чытайце таксама:
Васкрасенскі: Адкрываецца неба — і Алесь Бяляцкі адразу выходзіць
МЗС: Беларусь гатова да канструктыўнага супрацоўніцтва з ЗША
Чакаецца новы раўнд перамоваў між Беларуссю і ЗША — літоўскі СМІ