Трамп сказаў Зяленскаму, што хоча дапамагчы Украіне з супрацьпаветранай абаронай
Прэзідэнт ЗША сказаў, што збіраецца праверыць, пастаўкі якой зброі Украіне прыпынілі.
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заявіў, што ЗША хочуць дапамагчы Украіне з СПА ў сувязі з ростам колькасці расійскіх атак.
Пра гэта паведамілі ўкраінскі чыноўнік і крыніца, знаёмая з дэталямі размовы, паведамляе Axios.
Размова паміж Трампам і Зяленскім цягнулася каля 40 хвілін. Галоўная ўвага была нададзена патрэбам Украіны ў супрацьпаветранай абароне.
Адна з крыніц адзначыла, што Трамп ведае пра нядаўнюю эскалацыю з боку Расіі, у тым ліку паветраныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і на лініі фронту.
«Трамп сказаў, што хоча дапамагчы з СПА і праверыць, што было прыпынена, калі нешта сапраўды было прыпынена», — паведаміла крыніца.
Паводле ўкраінскага чыноўніка, Зяленскі і Трамп дамовіліся, што каманды ЗША і Украіны неўзабаве правядуць сустрэчу для абмеркавання пытанняў СПА і іншых паставак узбраення.
Трамп пакуль не пракаментаваў размову з Зяленскім. Напярэдадні прэзідэнт ЗША пагутарыў з Уладзімірам Пуціным і застаўся расчараваны: Трамп прыйшоў да высновы, што Пуцін не хоча спыняцца.
Чытайце таксама:
Зяленскі пагаварыў з Трампам па тэлефоне. Абмеркавалі пастаўкі зенітных ракет
Трамп заявіў, што падчас чарговай размовы з Пуціным не дабіўся ніякага прагрэсу па Украіне
Зяленскі і Трамп збіраюцца абмеркаваць пастаўкі амерыканскай зброі ва Украіну