БЕЛ Ł РУС

Карпаў Ціханоўскаму: Давайце для пачатку пазнаёмімся, а пасля ўжо пасварымся

4.07.2025 / 17:26

Стась Карпаў, facebook.com

Не ўпэўнены ў сваім праве даваць вам парады, але магчыма вам варта спачатку разабрацца ў тым, як выглядае свет, у якім вы апынуліся, звярнуўся да Сяргея Ціханоўскага ў сваім фэйсбуку Стась Карпаў.

Сяргей Ціханоўскі на мітынгу ў Вільні, 28 чэрвеня 2025. Фота: Наша Ніва

Паважаны спадару Ціханоўскі! Мой ліст у бутэльцы будзе досыць кароткім і, спадзяюся, стрыманым. Бо раптам бутэлька даплыве.

Пару дзён таму вы збіралі 200 тысяч еўра на «моцны ўдар па рэжыме». Сёння вы падлічылі, што не сабралі і таму вырашылі, што беларусы заслугоўваюць пагарды, ушчування і папрокаў.

Магчыма, вам было б варта спачатку разабрацца ў тым, як выглядае свет, у якім вы апынуліся. Перш чым наносіць магутныя ўдары.

Не ўпэўнены ў сваім праве даваць вам парады, але магчыма. Магчыма было б варта разабрацца.

Некаторыя эпізоды я магу нагадаць.

Сотні тысяч беларусаў некалькі гадоў таму спрабавалі дзейнічаць самастойна.

І з рашучасцю, і з упартасцю, і з самаадданасцю ў іх усё было цудоўна. І з данатамі, дарэчы, таксама.

Але час ішоў. Людзі жылі. Як маглі.

За 5 гадоў тысячы людзей прайшлі праз катаванні, праз звальненні і праз пасадкі. Людзі паміралі, людзі выязджалі.

Рэпрэсіі ў Беларусі, вайна ва Ўкраіне. Бясконцы страх і бездапаможнасць.

Усё гэта не робіць людзей больш кансалідаванымі. Гэта робіць людзей больш заклапочаным выжываннем.

Гэта не беларуская рыса няўдзячнай паствы. Гэта так існуе наш від. Такі ў яго фенатып.

Не ўпэўнены, што беларусам зараз патрэбны чалавек, які учора папросіць у іх 200 тысяч баксаў хер ведае на што, а заўтра абвінаваціць іх у тым, што яны — пляўкі на асфальце. Адзін чувак, якога вечна не задавальняе народзец, у нас ужо ёсць.

Пры ўсёй павазе да вашай біяграфіі, беларусы вам нічога не павінны. І ў 20-м рызыкавалі ўсе. Камусьці пашанцавала болей, камусьці не пашанцавала зусім. Некаторым куды меней за вас.

Магчыма, калі вы хочаце быць лідарам, вам варта павесці сябе як лідар. То-бок, палюбіць гэтых людзей. Зразумець гэтых людзей. І для пачатку навучыцца паважаць гэтых людзей не як кармавую базу, а як тых, хто раздзяляе з вамі лёс гэтай краіны, якая ўсё яшчэ для некаторых страна для жізні, але ні для кога краіна для жыцця.

Карацей. Гэта новы свет. Гэта новы сумны свет, у якім вы не ведаеце беларусаў, а яны не ведаюць вас.

Давайце для пачатку пазнаёмімся, а пасля ўжо пасварымся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула