Праўладнай блогерцы Анджалішы зрабілі прапанову рукі і сэрца ў Дзень Незалежнасці
Хлопец зрабіў прапанову рукі і сэрца ў Гродне падчас канцэрта ў гонар Дня Незалежнасці. Але фанаты Анджалішы абураны.
Анджаліша. Фота тут і далей: яе сацсеткі
Прасоўваннем беларускай блогеркі Анджалішы займаецца кампанія Flagman Music (яна звязаная з нявесткай Лукашэнкі Ганнай Сялук).
Папулярная сярод падлеткаў дзяўчына носіць мерч з цытатамі Лукашэнкі, агітуе датэрмінова ісці на выбары і актыўна выступае на дзяржаўных мерапрыемствах.
Кар'ера 23-гадовай Ангеліны Міхалёвай (гэта сапраўднае імя блогеркі) складваецца настолькі паспяхова, што летась яна нават кінула вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, куды ў свой час паступіла на культуролага-менеджара. Галоўнай прычынай тады дзяўчына называла страх перад размеркаваннем: «Я вельмі хвалявалася праз тое, што мяне могуць куды-небудзь адправіць адпрацоўваць і мая кар’ера, якая ідзе ўверх, можа спыніцца».
Анджаліша разам з разам з Колем Лукашэнкам
Колькасць падпісчыкаў у сацсетках Анджалішы працягвае павялічвацца. Цяпер яна мае 3,6 мільёна падпісчыкаў у тыктоку, 2,78 мільёна падпісчыкаў на YouTube, 123 тысячы ў інстаграме і 48 тысяч у тэлеграме.
Падчас святочнага канцэрта 3 ліпеня ў Гродне на сцэну выйшаў хлопец Анджалішы. Ён спачатку павіншаваў усіх з Днём Незалежнасці, падарыў букет у чырвона-зялёнай абгортцы, потым стаў на адно калена — а на фоне быў экран з чырвона-зялёным сцягам.
Блогерка, хоць і выцірала слёзы, усё ж спытала ў аўдыторыі, ці трэба ёй пагадзіцца. Пачуўшы станоўчы адказ, Анджаліша адказала: «Так!»
Абраннікам дзяўчыны стаў тыктокер Улад Шума — ён менш папулярны, мае 74 тысячы падпісчыкаў у тыктоку.
Анджаліша разам з жаніхом — тыктокерам Уладам Шума
Але шмат хто з фанатаў Анджалішы абурыўся сітуацыяй. Ангеліна і Улад сустракаліся раней, але летась разышліся, пры тым не вельмі прыгожа. Дзяўчына абвінавачвала хлопца ў тым, што ён заблакаваў яе ўсюды і адмаўляўся аддаваць сабачку, якога сам і падарыў каханай.
Пасля гэтага блогерка паказвала свой раман з блогерам Дзім Дзімычам. Той нават зрабіў Анджалішы прапанову рукі і сэрца на канцэрце ў Маскве, але тады дзяўчына адмовіла, а пара ў хуткім часе паведаміла пра разрыў рамантычных адносін. Што не перашкаджае маладым людзям працаваць разам.
Чытайце таксама:
Аляксей Талай развёўся з другой жонкай
Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы
Блогерка Баба Нюра развялася з мужам-дальнабойшчыкам і сышлася з гітарыстам «Драздоў»