У Грузіі 21-гадоваму студэнту прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі па справе аб нападзе на паліцэйскага
Студэнта абвінавацілі ў тым, што падчас пратэстаў частка зарада яго піратэхнікі трапіла ў нагу сілавіку, паведамляе «Эхо Кавказа».
Георгі Міндадзэ. Фота: interpressnews.ge
Суд палічыў 21-гадовага Георгія Міндадзэ вінаватым у нападзе на паліцэйскага (артыкул 353 КК Грузіі).
Па версіі следства, падчас пратэстаў у Тбілісі 29 лістапада 2024 года Міндадзэ выкарыстоўваў піратэхніку. Частка зараз з яе трапіла ў нагу сілавіку.
Абвінавачванне выкарыстоўвала фатаграфію, на якой Міндадзэ трымае піратэхніку ў руках, а таксама паказанні пацярпелага паліцэйскага Шмагі Джачвадзэ. Той заявіў, што ад рэшткаў піратэхнічнага зарада ён атрымаў апёк.
Перад агучваннем прыгавора ў судзе адбылася сутычка паміж тымі, хто прыйшоў паглядзець працэс, і судовымі прыставамі. Адной жанчыне спатрэбілася медыцынская дапамога, яшчэ аднаго мужчыну гаспіталізавалі.