У вёсцы пад Оршай пры падрыхтоўцы да Дажынак знішчылі гістарычныя будынкі
У вёсцы Смаляны Аршанскага раёна рыхтуюцца праводзіць раённыя Дажынкі. Але разам са звычайным упарадкаваннем тут адбываюцца і знішчэнні гістарычных будынкаў, заўважыла выданне Orsha.eu.
Фота: t.me/orshaeu
У вёсцы былі некалькі важных архітэктурных помнікаў і шмат старых дамоў, якія хоць і не занесеныя ў афіцыйныя спісы, але маюць гістарычную і архітэктурную каштоўнасць. Аднак цяпер на захаванне нават афіцыйных помнікаў не хапае сродкаў, не кажучы ўжо пра рамонт іншых будынкаў.
За апошняе дзесяцігоддзе ўлады спрабавалі знішчыць у Смалянах рэшткі былога дамініканскага манастыра — іх удалося абараніць дзякуючы ўмяшанню Акадэміі навук. У мінулым годзе зруйнавалі мясцовы млын, які быў каштоўны сваім абсталяваннем, а таксама стары будынак мясцовага тэхнікума. Цяпер жа, падчас падрыхтоўкі да Дажынак, у адну з начэй, каб не выклікаць незадаволенне сярод насельніцтва, знеслі больш чым 100-гадовы будынак былога гатэля.
Фота: t.me/orshaeu
Гэты гатэль першапачаткова быў пабудаваны мясцовым памешчыкам як жылы дом для працаўнікоў маёнтка. Побач з домам былі стайні, якія ў савецкія часы перарабілі ў жылыя кватэры.
Пасля зносу гатэля стайні засталіся без адной сцяны. А ў ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня ўлады знеслі і іх. Раніцай мясцовыя жыхары ўбачылі замест стагадовага будынка толькі руіны.