БЕЛ Ł РУС

«Пасля апошняй размовы з маім папярэднікам бомбы ўпалі на дзіцячую бальніцу ва Украіне». Мерц упэўнены, што не трэба ўгаворваць Пуціна

28.06.2025 / 23:25

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у інтэрв'ю Süddeutsche Zeitung падкрэсліў, што шуканне ўсіх магчымых шляхоў да міру не павінна адмяняць рэалістычнага погляду на імперыялістычныя намеры Масквы.

Фрыдрых Мерц. Фота: Pierre Crom/Getty Images

«Пасля апошняй размовы з маім папярэднікам бомбы ўпалі на дзіцячую бальніцу ва Украіне. Калі вось такія наступствы маюць падобныя званкі, я яшчэ доўга буду трымацца ўбаку», — заявіў нямецкі канцлер.

Па словах Мерца, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо «праяўляе ўсё большы скепсіс» да Пуціна і становіцца больш крытычным.

У Еўропе, мяркуе ён, пануе вялікае адзінства ў дачыненні да агрэсіі Расіі супраць Украіны:

«Мне здаецца, што і прэзідэнт Трамп усё больш набліжаецца да гэтай ацэнкі», — адзначыў канцлер.

Мерц падкрэсліў свае добрыя адносіны з прэзідэнтам ЗША:

«Мы адразу знайшлі з ім агульную мову. Пасля нашай першай сустрэчы ён даслаў мне SMS, дзе выказаў гэта напрамую. Відавочна, пасля сустрэчы ў Белым доме ў пачатку чэрвеня Трамп адчуў, што паміж намі ёсць «хімія», і мы можам мець добрыя зносіны».

Надзеі на тое, што Трамп усё ж падтрымае больш строгія санкцыі супраць Масквы, Мерц таксама не губляе:

«Паглядзім, што будзе ў найбліжэйшыя дні. ЗША цяпер працягваюць падтрымку Украіны — гэта ўжо само па сабе не было гарантаваным», — падкрэсліў ён.

Акрамя гэтага, Мерц перасцярог ад недаацэнкі пагрозы, якую ўяўляе Расія, у тым ліку і для Германіі:

«У часткі нашага насельніцтва ёсць глыбока ўкаранёны страх перад вайной. Я яго не падзяляю, але разумею. Увогуле правільна — шукаць усе магчымыя шляхі да міру. Але патрэбны і рэалістычны погляд на імперыялістычныя намеры Масквы».

Фрыдрых Мерц нагадаў пра палітыку залагоджвання перад Другой сусветнай вайной, якая заключалася ў саступках нацысцкай Германіі:

«Мы не павінны дапусціць, каб такая памылка паўтарылася. Цяпер Германія не з'яўляецца абароназдольнай. Мы не маем права губляць час. Сродкі ёсць — не хапае яшчэ персаналу і тэхнікі. Даволі хутка давядзецца вярнуцца да пытання вайсковай павіннасці».

Чытайце таксама:

«Гэта рызыкоўна, але пакідаць як ёсць таксама не варыянт». Фрыдрых Мерц падтрымаў удары ЗША па Іране

Мерц: Ізраіль робіць гэту брудную працу за нас

Мерц катэгарычна супраць пасярэдніцтва Пуціна на Блізкім Усходзе

Мерц прыехаў у Вашынгтон і падарыў Трампу пасведчанне аб нараджэнні яго дзеда

Мерц паабяцаў дапамагчы Украіне з распрацоўкай уласнай дальнабойнай зброі

Мерц чакае зацяжную вайну праз нежаданне Расіі весці перамовы

Каментары да артыкула