БЕЛ Ł РУС

«Яўрэй-сіяніст напаў на іранскае дзіця». У твітары істэрыя вакол фэйкаў пра беларуса, які напаў на хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце

28.06.2025 / 9:0

Ф. Раўбіч

Адзіным праўдзівым фактам, які застаўся ў гісторыі, якую некалькі дзён распаўсюджваюць па сацсетках, засталося месца трагічнага здарэння. Абуральная непраўдзівая гісторыя прыцягнула ўвагу мільёнаў карыстальнікаў з заходніх краін. 

Момант нападу Уладзіміра Віцікава на паўтарагадовага афганскага хлопчыка. Скрыншоты відэа

Нагадаем, 24 чэрвеня 31-гадовы беларус Уладзімір Віцікаў, які вяртаўся з Каіра, дзе працаваў на будоўлі, у маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева» напаў на паўтарагадовага афганскага хлопчыка Махамада Афзала, з усяго размаху кінуўшы яго галавой аб падлогу. Хлопчыка шпіталізавалі з пераломам хрыбта і чэрапа, ён цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане. Мужчына перад нападам ужываў гашыш і выпіў тры пляшкі віскі. Паводле апошніх даных, у Віцікаў знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра з дыягназам «шызафрэнія».

Іранскі хлопчык, які бег ад ізральскіх бамбардзіровак — фэйк

Публікацыя ў брытанскім таблоідзе Daily Mirror пра іранскага хлопчыка Яздана, які з сям'ёй бег ад бамбардзіровак

Нягледзячы на тое, што большасць гэтых даных была вядомая яшчэ ў дзень нападу, у некаторыя англамоўныя выданні чамусьці на наступны дзень трапіла скажоная інфармацыя. Ахвярай у іх стаў іранскі хлопчык Яздан, чыя сям’я быццам бы бегла праз аэрапорт Кабула, ратуючыся ад ізраільскіх удараў па Іране.

Гісторыя сама па сабе даволі фантастычная, ведаючы цяперашнюю ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Іране і Афганістане і геаграфічнае размяшчэнне Кабула.

Ізраільскі турыст — фэйк

У сацыяльных сетках гісторыя пачала абрастаць новымі небыліцамі. З’явіліся тысячы твітаў, у якіх нападнік спачатку называўся ізраільскім турыстам, пасля беларускім сіяністам ці чалавекам з двайным грамадзянствам Беларусі і Ізраіля. А пасля яшчэ сотні тысяч твітаў, у якіх гэтая тэма абмяркоўвалася.

Твіт палітычнага акаўнта S2FUncensored пра «беларускага сіяніста». Скрыншот твіта

«Беларускі сіяніст нападае на іранскае дзіця ў аэрапорце Масквы. Дзіця, чыя сям’я ўцякла ад вайны, цяпер у коме з цяжкімі траўмамі», — так падпісаў палітычны акаўнт S2FUncensored два скрыншоты з нападам на хлопчыка ў «Шарамеццеве». Пад твітам без малога 50 тысяч лайкаў, 12 тысяч рэтвітаў і ўжо больш за 3 мільёны праглядаў. 

Твіт брытанскага палітычнага каментатара Сулеймана Ахмеда сабраў каля 18,5 мільёна праглядаў. Скрыншот твіта

Самым жа папулярным стаў твіт брытанскага палітычнага каментатара Сулеймана Ахмеда, у якім ён суправадзіў тыя ж самыя скрыншоты кароткім «Гэта сіянізм». Твіт сабраў больш за 200 тысяч лайкаў і каля 18,5 мільёна праглядаў.

Нягледзячы на тое, што ўбудаваны ў твітар штучны інтэлект Grok па запыце карыстальнікаў раз за разам абвяргае ў рэплаях, што нападнік хоць неяк звязаны з Ізраілем, і сцвярджае, што няма ніякіх падстаў лічыць яго яўрэем, фэйк працягвае пашырацца ў розных сацыяльных сетках.

Псальм 137:9 (у беларускіх перакладах 136:9): «Блаславёны той, хто возьме і разаб’е аб камень дзетак тваіх». Гэтую карцінку прыкладаюць да навіны, пра атаку на хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце

Карыстальнікі параўноўваюць дзеянні «сіяніста» з дзеяннямі ізраільскай арміі супраць палесцінцаў у сектары Газа і нават прыводзяць цытаты са Старога Закону: «Блаславёны той, хто возьме і разаб’е аб камень дзетак тваіх».

Яўрэйскае прозвішча — фэйк

Галоўным аргументам за тое, што нападнік быў грамадзянінам Ізраіля ці хаця б меў яўрэйскае паходжанне, што мусіла патлумачыць яго агрэсію да дзіцяці з мусульманскай сям'і, стала прозвішча беларуса. 

Прозвішча спецпасланніка Трампа Стыва Уіткафа стала для многіх адным з доказаў таго, што нападнік насамрэч яўрэй. Фота: AP Photo/Alex Brandon

Grok пакорна пацвярджаў, што прозвішча Віткоў мае яўрэйскае паходжанне. Гэтую ж думку пацвярджала і прозвішча спецыяльнага пасланніка амерыканскага прэзідэнта Стыва Уіткафа (Witkoff). Уіткаф — яўрэй, яго продкі прыбылі ў ЗША з Расійскай імперыі, відавочна, з мяжы яўрэйскай аселасці, у якую цалкам уваходзіла Беларусь. Як гучала ў арыгінале прозвішча ягоных продкаў невядома, найбольш верагодна, што сапраўды як Віткоў. 

Віткоў, відаць, сапраўды мае яўрэйскае паходжанне і належыць да яўрэйскіх прозвішчаў, якія ствараліся па прыкладзе рускіх і маглі цалкам ім адпавядаць: Абрамаў, Давыдаў, Казлоў, Макаў, Новікаў, Рэзнікаў, Тураў, Ульянаў, Якаўлеў.

Яўрэйскае прозвішча Віткоў утворанае па амаль немагчымай для славянскіх прозвішчаў матранімічнай схеме — ад жаночага імя Вітка. Нагадаем, што па яўрэйскай традыцыі яўрэйства перадаецца дзецям выключна па маці.

Але нягледзячы на тое, што прозвішча Віткоў выглядае як шырока пашыранае на Беларусі, гэта абсалютна не так: асоб пад такім прозвішчам не ведаюць ні Вікіпедыя, ні друкаваныя выданні, ні нават архіўны даведнік па Беларусі, у якім можна знайсці самыя найрэдкія прозвішчы незалежна ад этнічнага паходжання. Рэдкае яно і на тэрыторыі Расіі. Найбольш часта варыянты, сугучныя з прозвішчам Віткоў, сустракаюцца ў дакументах яўрэйскіх мігрантаў у ЗША.

Але ўсё гэта не мае ніякага значэння, бо «Віткоў» — гэта памылка, якая была дапушчана навінавымі тэлеграм-каналамі на першых парах, а таму гэтаму «факту» не мог даць рады Grok. Сапраўднае імя нападніка — Уладзімір Віцікаў.

Вядома, што ён родам з пасёлка Новая Гута ў Гомельскім раёне. У архіўным даведніку прозвішча Віцікаў сустракаецца ўсяго двойчы: у вёсцы Рагазішча Буда-Кашалёўскага раёна і вёсцы Макаўе Гомельскага раёна, за 20 км ад Новай Гуты. 

Прозвішча Віцікаў узнікла ў выніку русіфікатарскай палітыкі савецкіх уладаў.

На старонках газеты «Народная Воля» публікавалася гісторыя аднаго з Віцікавых з Гомельшчыны, які праз адрозненне ў напісанні імёнаў сваякоў у дакументах меў праблемы са спадчынай. Журналісты пабачылі ў яго гісторыі больш:

«Учытаўшыся ў гэтую паперку, дзе даецца ўзяты з гаспадарчай кнігі за 1944—1946 гады склад сям’і, бачыш: ва ўсіх тады было адно прозвішча — ВІЦІК (Витик — у рускамоўным варыянце). У пераліку ж за 1946—1948 гады гэтая ж самая беларуская сялянская сям’я пазначана ўжо як ВИТИКОВЫ. І ні ў кога з чынавенства — ніякіх пытанняў, чаму гэта беларускае прозвішча перайначана на расійскі лад, не ўзнікла!»

Віцік, ад якога ўтварылася русіфікаванае прозвішча Віцікаў, паходзіць ад хрысціянскіх імёнаў Віктар ці Віталій. Фота: Мікалай Бырыла, «Беларуская антрапанімія», т.3 — Структура ўласных мужчынскіх імён.

Віцік — гэта прозвішча, якое ўзнікла ад ідэнтычнага імя Віцік, якое, паводле мовазнаўца і спецыяліста ў анамастыцы Мікалая Бірылы, з’яўляецца вытворнай формай ад распаўсюджаных хрысціянскіх імёнаў Віктар і Віталій. Ніякай сувязі з яўрэямі гэтае прозвішча не мае.

Такім чынам, у фэйку, які разганяецца апошнія дні па сацсетках, некаторых ангажаваных антыізраільскіх і нявартых даверу медыя, амаль усё, ад нацыянальнасці да імёнаў ахвяры і нападніка, з’яўляецца няпраўдай.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула