«Заходзіш у камеру, а яны кажуць: «Мы з табой адмаўляемся сядзець». Ціханоўскі расказаў, як сутыкнуўся з праблемай нізкага статусу
«Сказалі, што ў мяне ў камандзе былі нейкія людзі, у якіх нетрадыцыйная арыентацыя».
У інтэрв'ю літоўскаму інфармацыйнаму рэсурсу Delfi, Сяргея Ціханоўскага спыталі, ці лёгка яму было знаходзіць агульную мову з крыміналам. Палітык патлумачыў, што амаль не перасякаўся са злачынцамі, таму што пераважна сядзеў у адзіночных камерах.
Аднак Сяргей прызнаў, што яго закранула праблема жахлівага стаўлення ў зняволенні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Ад гэтага цярпяць, па словах Ціханоўскага, і тыя, «хто з імі нават знаёмы ці той, хто да іх лаяльна адносіцца».
«Яны (адміністрацыя — НН) сказалі, што ў мяне ў камандзе былі нейкія людзі, у якіх нетрадыцыйная арыентацыя. Я, напрыклад, пра гэта не ведаў, калі гэта і было. Але якія могуць быць прэтэнзіі да мяне? Усе ведаюць, у мяне ёсць жонка, у мяне ёсць дзеці.
То-бок я ў прынцыпе за сямейныя каштоўнасці. Запусцілі спецыяльна гэтую інфармацыю, каб і крымінал яшчэ ціснуў на палітычных. І ўсіх, хто па маёй справе ішоў, яны ім аўтаматычна такі статус «на кружкі», «на высвятленне».
Гэта значыць, ты ўжо і ў нармальную камеру не можаш увайсці, але і да тых цябе не адпраўляюць — хто ўжо наогул з нізкім сацыяльным статусам. І атрымліваецца, ты павінен сядзець у адзіночцы.
Але сам ты не можаш (трапіць) у адзіночку. То-бок, цябе прыводзяць у нейкую камеру, а зняволеныя кажуць:
«Мы з табой адмаўляемся сядзець. Або калі ты не выходзіш, мы пачынаем цябе біць. Мы табе адаб'ём галаву, калі ты не выйдзеш».
У чым сутнасць гэтых пазаправавых турэмных правілаў? Лічыцца, што звычайныя зняволеныя не могуць знаходзіцца ў адной камеры з чалавекам «нізкага статусу». У яго трапляюць людзі, асуджаныя за сэксуальныя злачынствы, але адміністрацыя СІЗА можа пры жаданні зладзіць правакацыю і перавесці ў яго і чалавека, якога абвінавачваюць па іншых артыкулах. Зняволеныя павінны патрабаваць, каб чалавека з «нізкім статусам» перавялі з іх камеры ў іншую — іначай яны ўсе атрымаюць такі самы статус. Ён будзе з імі пажыццёва, нават пры трапленні ў СІЗА ці калонію праз дзясяткі гадоў.
У выніку Ціханоўскі быў вымушаны звяртацца да адміністрацыі, а тая за адмову знаходзіцца ў камеры накіроўвала яго ў штрафны ізалятар:
«Я націскаю на званочак. «Што такое?» Я гавару: «Адмаўляюцца са мной сядзець». Выводзяць мяне, кажуць: «Вы адмовіліся знаходзіцца, вам спагнанне 15 сутак. Сядзі ў ШІЗА за гэта». І гэта ж з'яўляецца падставай для падаўжэння твайго тэрміна на 2 гады турэмнага зняволення. (…) Атрымліваецца, ты і ў штрафным ізалятары адбыў, і табе яшчэ да 2 гадоў дадаюць. Гэта кашмар».
Па словах Ціханоўскага, у такім статусе знаходзяцца шмат палітвязняў, якія былі ў яго камандзе ў 2020 годзе.
Чытайце таксама:
Відэа з камеры Ціханоўскага, якое паказвалі на фоне чутак пра яго смерць у зняволенні, было старое