Сёння 3 гады, як трапілі ў палон ваяры «Клешч і «Тромблі», загінулі «Брэст», «Папік», «Атам» і «Сябро»
26 чэрвеня 2022 года пад Лісічанскам адбыўся адзін з самых трагічных баёў для беларускіх добраахвотнікаў з палка Кастуся Каліноўскага.
Іван «Брэст» Марчук
Там група беларусаў сутыкнулася з калонай расійскіх войскаў і дала бой. Загінулі чатыры беларускія добраахвотнікі: Іван «Брэст» Марчук — камандзір батальёна «Волат»; Васіль «Сябро» Парфянкоў; Васіль «Атам» Грудовік; Вадзім «Папік» Шатроў.
«Накрылі ўсіх. Частка беларусаў разам з «Брэстам» прыкрыла адыход іншай групы, «Брэста» сур'езна параніла ў нагу і галаву, у гэтым баі ён знішчыў як мінімум адзін танк», — расказваў «Нашай Ніве» адзін са сведкаў боя.
«Апошнім паведамленнем загінулага Івана Марчука было: «На нас едзе танк. Адпрацаваў па ім».
У тым жа баі ў палон трапілі двое байцоў: Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў.
Палонныя беларускія добраахвотнікі Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў
Іх імёны былі ўключаны ва ўкраінскія спісы на абмен палоннымі яшчэ ў ліпені 2022 года, але расійскі бок адмаўляецца аддаваць беларусаў, пра што распавёў нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
На сённяшні дзень іх лёс застаецца невядомым.