Студэнта‑расіяніна дэпартавалі з Беларусі за крадзеж булкі і фаршу
Студэнта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з Расіі дэпартавалі з Беларусі за крадзеж булкі, фаршу і безбілетны праезд. Таксама яму забаранілі ўезд у краіну тэрмінам на пяць гадоў, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Фота: Гродзенская міліцыя
Расіянін прыехаў вучыцца ў 2023 годзе. Яго адлічылі за непаспяховасць у вучобе, але пасля ён аднавіўся.
Падчас сваёй вучобы студэнт скраў булачку ў краме і спрабаваў вынесці фарш у кішэні. Таксама яго аштрафавалі за безбілетны праезд у гарадскім транспарце.
«Адміністрацыя ўніверсітэта характарызуе хлопца як ветлівага, акуратнага і спакойнага, скаргаў да яго не было, навучанне ён аплачваў своечасова», — паведамляюць гродзенскія міліцыянты.
Расіяніна дэпартавалі з Беларусі і забаранілі ўезд у краіну тэрмінам на пяць гадоў.