БЕЛ Ł РУС

Праз Беларусь на расійскі завод пастаўляліся імпартныя станкі для вырабу ракет

25.06.2025 / 16:59

Nashaniva.com

Паводле расследавання ўкраінскага выданьня The Kyiv Independent, беларускія прадпрыемствы ўдзельнічалі ў пастаўках імпартнага абсталявання для расійскага завода, дзе вырабляюцца ракеты.

Воткінскі завод. Фота: udmrspp.ru

Журналісты высветлілі, што тры беларускія кампаніі — Гомельскі завод станкоў і вузлоў, «Беларускія станкі» і «Гефест» — пераправілі ў Расію замежныя станкі, каб дапамагчы павялічыць выпуск ракет «Іскандэр» і іншых тыпаў балістычнай зброі.

Абсталяванне паступіла праз прыватных расійскіх пасярэднікаў, а самі станкі былі вырабленыя ў Кітаі, Тайвані і Беларусі — краінах, якія не падтрымалі санкцыі супраць Расіі. Усяго, паводле даных журналістаў, было ўвезена станкоў на 11 мільёнаў даляраў.

Гаворка ідзе пра важнае абсталяванне — фрэзерныя, такарныя і шліфавальныя станкі, што выкарыстоўваюцца для дакладнай апрацоўкі металу — ключавога матэрыялу для вытворчасці ракет. Гэта дало магчымасць Воткінскаму заводу, які месціцца ў расійскай Удмурціі, мадэрнізаваць вытворчасць, набраць новых супрацоўнікаў (каля 2 500 чалавек) і пабудаваць два дадатковыя цэхі.

Воткінскі завод вырабляе не толькі «Іскандэры», якімі Расія абстрэльвае Украіну, але і міжкантынентальныя ракеты «Ярс» і «Булава», здольныя несці ядзерныя боегалоўкі і дасягаць ЗША. Паводле інфармацыі, завод таксама працуе над ракетай «Арэшнік», якая можа пагражаць усёй тэрыторыі Еўропы.

Чытайце таксама:

Беларуская кампанія, супрацоўнічаючы з заходнімі брэндамі, адначасова працуе і на расійскі ВПК

Як «Інтэграл» абыходзіць санкцыі і дапамагае Расіі ў вайне

Пуцін ужо перамалоў амаль усю спадчыну савецкага ВПК. Ці зменшыць гэта інтэнсіўнасць вайны?

Беларускі «Пеленг» судзіцца з прадпрыемствам расійскага ВПК за даўгі

Каментары да артыкула