БЕЛ Ł РУС

У Германіі загарэлася фура беларуса, агонь знішчыў кабіну

24.06.2025 / 23:14

Nashaniva.com

У нямецкай федэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія загарэлася фура, якой кіраваў 50-гадовы грамадзянін Беларусі. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 21 чэрвеня каля 19:20 на стаянцы для кіроўцаў «Хохе Марк», што побач з горадам Хальтэрн-ам-Зэ, піша «Беларусь и мир».

Фота: добраахвотная пажарная дружына горада Хальтэрн-ам-Зе

Беларус якраз вярнуўся з туалета і ўбачыў, што кабіна грузавіка ў агні. Ён кінуўся да фуры, спрабаваў трапіць усярэдзіну яе і атрымаў траўмы. Мужчыну спачатку дапамаглі на месцы, а затым шпіталізавалі.

Пажарнікі прыбылі хутка, бо знаходзіліся недалёка — вярталіся з тушэння іншага пажару ў лесе. Але на той момант кабіна ўжо гарэла поўнасцю, агонь таксама перакінуўся на суседняе дрэва.

Дзякуючы аператыўным дзеянням ратавальнікаў пажар удалося лакалізаваць і не дапусціць яго распаўсюджвання. Кабіна была амаль цалкам знішчаная, але прычэп і груз (пустыя скрыні) не пацярпелі. Падчас тушэння паліцыя часова перакрывала з’езд з трасы ў бок Мюнстара.

Прычына пажару пакуль невядомая, вядзецца расследаванне. На гэты момант прыкмет падпалу няма.

Чытайце таксама:

На польска-беларускай мяжы затрымалі грамадзяніна Германіі на скрадзеным аўтамабілі

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю

Беларускі дальнабойшчык замовіў намаляваць герб родных Баранавіч перад Кёльнскім саборам

Каментары да артыкула