Улады прапануюць прадаўцам на рынках абгрунтоўваць свае цэны
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Беларусі прапануе ўвесці новыя правілы для прадаўцоў на рынках. Згодна з праектам пастановы, гандляры павінны будуць дакументальна абгрунтоўваць свае рознічныя цэны на тавары, якія падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне.
Фота ілюстрацыйнае
Праект прадугледжвае, што адміністрацыі рынкаў атрымаюць большыя паўнамоцтвы. Напрыклад, яны змогуць скасоўваць дамовы з тымі прадаўцамі, якія двойчы ці больш за 12 месяцаў парушылі правілы гандлю — напрыклад, завысілі цэны або не выканалі санітарныя нормы.
Таксама прапануецца, каб кожны дзень адміністрацыі правяралі на месцах наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць цэнаў, і размяшчалі інфармацыйныя шыльды з актуальнымі рэгуляванымі цэнамі.
Новыя правілы закрануць усіх, хто гандлюе на рынках — як індывідуальных прадпрымальнікаў, так і юрыдычныя асобы.
Беларусы могуць пакінуць свае водгукі і прапановы па праекце на прававым форуме да 4 ліпеня.
Чытайце таксама:
«Ягадаў меней, а цэны большыя». Што робіцца на галоўным рынку клубніцаў
Мінгандлю ўгледзела на Камароўцы агуркі і памідоры па 40 рублёў і неадкладна прарэагавала