Чаму ў беларускай турме так моцна худзеюць? Тлумачым
Шмат каго шакавалі фоты Сяргея Ціханоўскага на волі — пасля пяці гадоў за кратамі палітык важыць 79 кг. І ён далёка не адзіны вязень, хто згубіў багата вагі за тэрмін у беларускай турме. Чаму ж гэта адбываецца?
Сяргей Ціханоўскі
«Уявіце сабе суп з перакіслай капусты — гэтай кіслатой можна травіць жалеза!»
Былы афіцэр Аляксандр Велясніцкі трапіў за краты ў верасні 2021-га па справе Андрэя Зельцэра. Як і іншыя «зельцараўскія», Велясніцкі правёў больш за месяц у жодзінскай турме з забаронай на адваката, перадачы і атаваркі. Яго досвед падобны да таго «жэстачайшага» рэжыму, пра які расказваў Сяргей Ціханоўскі:
«Харчаванне было ніякім, яго было мала, і яно складалася пераважна з вады. Знайсці бульбіну ў «супе» — гэта было шчасце, пра нешта падобнае да мяса ці пляму тлушчу я ўвогуле маўчу. Давалі так, каб закладнік не здох з голаду.
Калі мяне перавялі ў брэсцкае СІЗА і далі першую вячэру, можна было лічыць, што я трапіў у нейкі санаторый. Ежы было шмат, нешта з яе нават можна было назваць смачным. У мяне ўжо быў доступ да атаваркі, так што можна было дадаць да турэмнага баршчу набытую смятану і кавалачак каўбасы».
Аляксандр успамінае і пра нішчымнасць ежы ў калоніі — пасля амаль паўтара года ў СІЗА мужчына трапіў на восем месяцаў у калонію №15 у Магілёў. Гэта было асабліва заўважна для тых вязняў, хто не мог нічога сабе набыць у турэмнай краме.
Аляксандр Велясніцкі. Фота: архіў суразмоўцы
Але, кажа Аляксандр, вагу за кратамі губляюць не толькі праз дрэнную ежу. Справа яшчэ і ў нервах — акрамя ўсяго іншага, праз перажыванні губляеш апетыт.
Падчас зняволення Велясніцкі страціў 15 кг вагі.
Арцём Задруцкі таксама апынуўся за кратамі па справе Зельцара, прайшоў праз паўтара года ў СІЗА і сем месяцаў у калоніі ў Наваполацку. Як «зельцараўскі», Арцём правёў паўтара месяца ў СІЗА на тым самым «жэстачайшым» рэжыме.
Ён расказвае, чым была падобная ежа ў СІЗА і ў калоніі:
«Гэта вельмі вугляводзістыя стравы, у якіх мала бялку, звычайна нейкія простыя кашы. Рацыён адрозніваецца ў залежнасці ад сезону. Акрамя каш, гэта бульба і капуста, да якіх дадаюць мяса, можа быць пярлоўка або рыс з мясам. Часам даюць яйкі, у СІЗА і іх няма, калі ў цябе не спецыяльная дыета. Масла таксама даюць толькі дыетчыкам.
Якасць ежы залежыць ад паставак. Хлопцы, якія працавалі на кухні ў СІЗА ці ў калоніі, казалі, што часта да іх траплялі пратэрмінаваныя або жудасныя па якасці прадукты — гародніна, макарона».
Арцём расказвае, якія прадукты могуць трапіць на кухню для вязняў. Старая капуста з вайсковых частак, памідоры з цвіллю, што заляжаліся на складах — такога за кратамі шмат, кажа мужчына. Уся гэтая ежа дасць мала энергіі вязням, якія звычайна займаюцца цяжкай фізічнай працай.
Паводле слоў Задруцкага, ёсць ежа, якую проста немагчыма есці:
«Уявіце сабе суп з перакіслай капусты. І гэтую капусту могуць даваць тры разы на дзень, у Жодзіна гэта нармальная практыка. Цудоўна памятаю, што гэтую капусту пачыналі даваць у канцы жніўня, а ў канцы верасня яе ўжо немагчыма было есці, бо яна знаходзіцца ў тых чанах і працягвае кіснуць. У снежні ёй ужо можна травіць жалеза».
Калі вязень не атрымлівае дапамогі з волі і не можа набываць сабе ежу на атаварцы, ён вымушаны жыць на такім рацыёне. І не дзіва, што пры гэтым цяжка захаваць вагу.
Вось як сам Арцём выглядаў праз паўтара года ў СІЗА — ён кажа, на вагу паўплывалі і дзве галадоўкі, бо турэмны рацыён не дае магчымасці аднавіцца пасля іх:
Фота: архіў суразмоўцы
«Кожны твой крок — дадатковая страта калорый»
Псіхіятр Павел Перапёлкін дзесяць гадоў працаваў у брэсцкім СІЗА-7, восем з іх ён адказваў за медычную частку ўстановы. Спецыяліст кажа, што ў СІЗА людзі звычайна не худзеюць, а наадварот набіраюць вагу:
«Калі зняволеныя прыходзяць у медчастку, іх часта ўзважваюць. І большасць з іх, па маім досведзе, адзначае павелічэнне вагі. Гэта звязана з тым, што людзі ў СІЗА меюць вельмі мала магчымасцей рухацца, яны пастаянна знаходзяцца ў цесным каменным меху. Тое, што лічыцца прагулкай, цяжка лічыць за нейкую паўнавартасную фізічную актыўнасць.
Рацыён пры гэтым пакрывае патрэбу ў каларыйнасці і асноўных карысных рэчывах — гэта бялкі, тлушч, вугляводы».
Павел адсылае да пастановы Савета міністраў №169 ад 25 сакавіка 2021-га года, якая мусіць рэгламентаваць харчаванне вязняў:
«Калі паглядзець дадаткі да яе з пералікам прадуктаў, то можна пабачыць, што гэты пералік цалкам дастатковы па тых базавых параметрах, пра якія я казаў. Але проста пакрыць гэтую патрэбу — гэта яшчэ не заўседы пра паўнавартаснае хараванне».
Павел тлумачыць, што, каб прыгатаваць ежу вязням, звычайна закупляюць самыя танныя прадукты, а гэта заўжды прадукты найніжэйшай якасці. Гатуюць тую ежу таксама як мага прасцейшымі спосабамі. Таму ежа часта атрымліваецца нясмачнай і вельмі аднастайнай — такі рацыён можа хутка абрыднуць.
Вядома, можна набываць прадукты за ўласны кошт у турэмнай краме, але часцей за ўсё гэта салодкае ці мучныя вырабы. Дадайце да гэтага тое, што ў турэмным рацыёне багата вугляводаў. Праз усё гэта ў вязняў у СІЗА і расце вага, але нічога карыснага для здароўя ў гэтым няма.
Зусім іншая сітуацыя ў калоніях, кажа Павел:
«Там вязні ўжо не толькі не знаходзяцца ўвесь час у камеры, але яшчэ і прыцягваюцца да працы, пераважна гэтая праца фізічна цяжкая. І вось тут патрэбы ў харчовых рэчывах могуць ужо часткова не задавальняцца.
Магчымасць набываць прадукты ў краме і атрымліваць пасылкі і перадачы ўжо значна абмежаваная ў параўнанні з СІЗА. У СІЗА можна атрымліваць пасылкі ад любога чалавека, а ў калоніі — толькі ад блізкіх сваякоў, і яны могуць быць не ва ўсіх. Таксама ў калоніі могуць забараніць закупы ў краме і атрыманне перадач, і ў дачыненні палітвязняў такое часта робяць».
У выніку чалавек можа за ўвесь тэрмін не атрымаць ніводнай перадачы і ў выніку харчавацца за кратамі выключна аднастайнай і нясмачнай турэмнай ежай. З цягам часу яна можа проста не лезці ў рот.
Фота: «Вясна»
Але справа не толькі ў ежы. Арцём Задруцкі тлумачыць:
«Худзеюць у асноўным праз тое, што арганізм забірае ўсю магчымую энергію, каб сябе абагрэць. Часцей за ўсё вязню вельмі холадна, бо адзенне дрэннай якасці, і за зіму ты губляеш шалёную колькасць вагі. А паколькі харчаванне нізкакаларыйнае, арганізм не можа аднавіцца.
Тое ж самае датычыць і змяшчэння ў ШІЗА ці ПКТ, дзе ты выдаткоўваеш багата калорый, проста каб сябе абагрэць. Каб табе было цёпла, трэба ладзіць фізічную актыўнасць, а кожны твой крок — гэта дадатковая страта калорый. Арганізм проста пачынае сам сябе з'ядаць».
Павел кажа, што на пахудзенне ўплываюць і псіхалагічныя прычыны. За кратамі вязні перажываюць шмат стрэсу. Для палітвязняў гэта яшчэ больш актуальна, бо ім намагаюцца стварыць як мага горшыя ўмовы зняволення. Тое, што людзі знаходзяцца за кратамі без сапраўднай віны, таксама пагаршае іх псіхалагічны стан.
Псіхіка вязня можа адрэагаваць на такую нагрузку дэпрэсіяй. Адзін з яе сімптомаў — зніжэнне апетыту, якое можа даходзіць амаль да яго адсутнасці. Нарэшце, праблемы з фізічным здароўем таксама могуць выклікаць пахудзенне, тым больш што за кратамі яны часта ўзмацняюцца.
Чытайце таксама:
Сяргея Ціханоўскага пасля турмы цяжка пазнаць ФОТА
Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага