Трамп параіў Дзмітрыю Мядзведзеву не кідацца словамі пра ядзерную зброю
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэзка адрэагаваў на словы намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева пра магчымую перадачу Ірану ядзернай зброі. Мядзведзеў перад тым раскрытыкаваў нядаўнія амерыканскія авіяўдары па іранскіх ядзерных аб’ектах і заявіў, што некаторыя краіны гатовыя даць Ірану ядзерныя боегалоўкі ў адказ.
Дональд Трамп. Фота: AP / Alex Brandon
У адказ Трамп напісаў у сацсетцы Truth Social, што ЗША валодаюць «найлепшай і наймагутнейшай зброяй у свеце» — у тым ліку атамнымі падводнымі лодкамі і высокадакладнымі ракетамі «Тамагаўк», якімі нядаўна былі нанесеныя ўдары па Іране. Ён падкрэсліў, што абыходзіцца з «ядзернай рыторыкай» варта вельмі асцярожна, і спытаў, ці сапраўды Мядзведзеў казаў пра перадачу ядзернай зброі Тэгерану.
«Мне пачулася, ці былы расійскі прэзідэнт Мядзведзеў нядбайна кідаўся «словам на літару N (Nuclear — «ядзерны») і казаў, што ён і іншыя краіны будуць пастаўляць ядзерныя боегалоўкі Ірану? Ён сапраўды так казаў ці гэта проста плод майго ўяўлення? Калі ён так сказаў і калі гэта пацвердзіцца, калі ласка, дайце мне знаць неадкладна. Да «слова на літару N» нельга ставіцца так нядбайна. Думаю, менавіта таму Пуцін Boss», — напісаў Трамп у пасце.
Раней, у ноч на 22 чэрвеня, ЗША атакавалі тры іранскія ядзерныя аб’екты — у Натанзе, Ісфахане і Фардо. У аперацыі выкарыстоўваліся стратэгічныя бамбавікі і бомбы, здольныя прабіваць бункеры. Трамп абвясціў аперацыю паспяховай і адзначыў, што дзеянні ЗША і Ізраіля былі апраўданымі на фоне працяглай антыамерыканскай рыторыкі з боку Ірана.
У адказ Мядзведзеў абвінаваціў Трампа ў развязванні новага канфлікту і заявіў, што Трамп, які нібыта прыйшоў у палітыку як «міротворац», цяпер пачаў новую вайну. Ці будзе Расія сапраўды перадаваць Ірану ядзерную зброю, ён не пацвердзіў, але нагадаў пра «стратэгічнае партнёрства» паміж дзвюма краінамі, замацаванае ў дамове 2024 года.
Чытайце таксама:
«Буры, дзетка, буры!!!» Трамп адрэагаваў на рост цэн на нафту пасля ўдараў па Іране
Пуцiн на сустрэчы з Арагчы: Расія спрабуе дапамагчы iранскаму народу
Разведка Ізраіля: Іран вывез узбагачаны ўран з ядзерных аб’ектаў да ўдараў ЗША