«Гэта рызыкоўна, але пакідаць як ёсць таксама не варыянт». Фрыдрых Мерц падтрымаў удары ЗША па Іране
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц выказаўся ў абарону ЗША і Ізраіля за іх рашэнне нанесці ўдары па іранскіх ядзерных аб’ектах. Ён заявіў, што не бачыць падстаў для крытыкі дзеянняў гэтых краін, нягледзячы на заклікі іншых еўрапейскіх лідараў шукаць дыпламатычнае рашэнне і не дапускаць эскалацыі канфлікту, піша «Еўрапейская праўда».
Фрыдрых Мерц. Фота: Emmanuele Contini/NurPhoto via Getty Images
Фрыдрых Мерц адзначыў, што хоць сітуацыя і рызыкоўная, пакінуць усё як ёсць — таксама не было добрым варыянтам. Ён лічыць, што ЗША ўступілі ў канфлікт не без падстаў і, на яго думку, гэта не прывядзе да глабальнага хаосу, хоць гарантаваць нешта цяжка.
Асобна канцлер выказаў занепакоенасць магчымым закрыццём Армузскага праліва, які мае вялікае значэнне для сусветнай гандлю. Ён папярэдзіў, што гэта можа выклікаць цяжкія, пакуль што непрадказальныя наступствы для ўсіх.
Адной з прычын удараў стала тое, што Іран пачаў вывозіць уран з ядзерных аб’ектаў у невядомыя месцы. Менавіта гэта, паводле Мерца, стала штуршком для ізраільскай атакі тыдзень таму і для ўмяшання ЗША ў мінулыя выхадныя.
Амерыканская аперацыя пад назвай «Молат апоўначы» адбылася ноччу 22 чэрвеня і ўключала ўдзел больш як 125 самалётаў, у тым ліку стэлс-бамбавікоў B2. ЗША заяўляюць, што ў выніку іранскія ядзерныя планы былі знішчаныя. У той жа час у Германіі выказваюць заклапочанасць ростам пагрозы для амерыканскіх баз у рэгіёне.
Чытайце таксама:
«Буры, дзетка, буры!!!» Трамп адрэагаваў на рост цэн на нафту пасля ўдараў па Іране
Разведка Ізраіля: Іран вывез узбагачаны ўран з ядзерных аб’ектаў да ўдараў ЗША
Ці ўдалося ЗША знішчыць галоўны Іранскі ядзерны бункер, пакуль не зразумела
Дзярждэп заявіў пра павышаную рызыку для амерыканцаў за мяжой