БЕЛ Ł РУС

Кітайскія даследчыкі прадэманстравалі дрон памерам з камара

24.06.2025 / 6:5

Nashaniva.com

Новая распрацоўка дапаможа правядзенню сакрэтных і баявых аперацый.

Новая распрацоўка кітайскіх інжынераў — мініяцюрны дрон. Скрын відэа: AATUINVEST / YouTube

Пра новую распрацоўку лабараторыі робататэхнікі ў Нацыянальным універсітэце абаронных тэхналогій (NUDT) у кітайскай правінцыі Хунань паведамляе South China Morning Post.

Даследчыкі прадэманстравалі новы беспілотнік памерам з камара. Ён добра падыходзіць для разведкі і выканання іншых спецыяльных баявых задач. Гэта чарговы прыклад таго, як нанатэхналогіі і біёніка імкліва ўваходзяць у сферу вайсковай прамысловасці.

На відэа бачна, што беспілотнік мае два малюсенькія крылы з лістападобнай структурай, якія прымацаваныя да бакоў палачкападобнага корпуса, а таксама тры тонкія, як валасы, «ножкі».

Акрамя гэтай мадэлі, вучоныя прадэманстравалі мадэль іншага беспілотніка, які мае чатыры крылцы, два з якіх рухаюцца гарызантальна па абодва бакі корпуса. Кіраванне адбываецца з дапамогай смартфона.

Стварэнне такіх дронаў — складаная інжынерная задача. Усе ключавыя кампаненты — сенсары, акумулятары, схемы кіравання — павінны змясціцца ў мініяцюрным корпусе. Гэта патрабуе спалучэння розных галін навукі: мікрапрыборабудавання, матэрыялазнаўства, біёнікі.

Выданне адзначае, што распрацоўка кітайскіх інжынераў не першая ў сваёй галіне. Некаторыя краіны таксама маюць падобныя дроны. Напрыклад, дрон Black Hornet, створаны ў Нарвегіі, ужо актыўна выкарыстоўваецца арміямі па ўсім свеце. Ён змяшчаецца на далоні, а кіруецца праз ручны пульт. Яго камера і сенсары дазваляюць разведчыкам бяспечна назіраць за тэрыторыяй. Аднак ён істотна большы па памерах за кітайскую распрацоўку.

Вайсковец дэманструе дрон Black Hornet. Фота: Flir.com

У 2021 годзе ВПС ЗША пацвердзілі распрацоўку ўласных мініяцюрных беспілотнікаў, але далейшых навін аб якіх-небудзь гатовых тэхналогіях або іх разгортванні не было.

Аўтары адзначаюць, што мікраробататэхніка знаходзіць прымяненне не толькі ў ваеннай сферы. Навукоўцы даследуюць магчымасці медыцынскіх мікро– і нанаробатаў для дыягностыкі, хірургіі, дакладнай дастаўкі лекаў і нават для візуалізацыі ўнутраных органаў.

Нягледзячы на поспехі, галіна ўсё яшчэ сутыкаецца з тэхнічнымі абмежаваннямі. Дроны патрабуюць надзейных крыніц сілкавання, устойлівасці да вонкавых умоў і эфектыўных сістэм сувязі. Адначасова з гэтым яны павінны заставацца маленькімі, лёгкімі і незаўважнымі. Гэта спрыяе росту інвестыцый у новыя матэрыялы, нанапрылады і штучны інтэлект.

Чытайце таксама:

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу

Танныя мікрадроны-забойцы са штучным інтэлектам усё часцей выкарыстоўваюцца ў ваенных канфліктах. У чым іх небяспека?

Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй

Каментары да артыкула