Вызвалены эстонец: У турме ў Беларусі да мяне ставіліся вельмі дрэнна. У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах
Грамадзянін Эстоніі Алан Роя быў вызвалены з беларускай турмы дзякуючы дыпламатычным намаганням ЗША. Увечары ў суботу, 21 чэрвеня, ён прыбыў у Эстонію. Ён прыляцеў у Талін на вячэрнім рэйсе з Хельсінкі.
Скрыншот відэа Postimees
У Талінскім аэрапорце яго сустрэлі блізкія, міністр замежных спраў Маргус Цахкна, а таксама хуткая дапамога, дактары якой агледзелі Роя з-за боляў у спіне, паведамляе Postimees.
Ён быў стомлены, але расчулены да слёз. Роя знаходзіўся ў зняволенні са студзеня мінулага года. Беларускі рэжым падазраваў яго ў стварэнні экстрэмісцкай арганізацыі, і суд прысудзіў яго да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу амаль 6000 еўра.
Роя патлумачыў, што яго арыштавалі ў Беларусі пасля таго, як ён стварыў дабрачынны фонд для падтрымкі сем’яў, якія былі незадаволены вынікамі выбараў у краіне.
«Мясцовы дыктатар загадаў пакінуць гэтых людзей без працы і без ежы», — распавёў ён пасля прыбыцця ў Эстонію. Ён дадаў, што, паколькі сам з’яўляецца шматдзетным бацькам, а яго жонка — грамадзянка Беларусі, ён адчуваў, што абавязаны дапамагчы гэтым сем’ям.
На сённяшні дзень некамерцыйная арганізацыя MTÜ Fund of Belarusian Friends, створаная ў верасні 2020 года, ліквідаваная.
«Я зарэгістраваў фонд у Вялікабрытаніі і ў Эстоніі. Брытанскі фонд пачаў дзейнічаць хутчэй, і праз яго ўдалося дапамагчы дастаткова многім», — адзначыў Роя.
Перш чым беларускія ўлады выйшлі на след фонду, жонка Роя паспела паведаміць пра тое, што адбываецца, банкам. Рахункі былі замарожаныя, і беларускія ўлады не змаглі атрымаць да іх доступ.
«Нам удалося дапамагчы першым 140 сем’ям, каб іх дзеці змаглі пайсці ў школу. Наколькі мне вядома — і да вялікага незадавальнення беларускіх уладаў — ім не ўдалося знайсці ніводнай сям’і, якой мы дапамаглі», — распавёў Роя. Ён дадаў, што ўмовы, у якіх яго ўтрымлівалі, былі бесчалавечныя.
«Знаходзіцца за кратамі — гэта адно, але з 2021 года я фактычна быў закладнікам у Беларусі. Да мяне ставіліся вельмі дрэнна. Хутчэй за ўсё, я зраблю гэта справай свайго жыцця і распавяду праваабарончым арганізацыям пра тое, у якіх умовах там утрымліваюць людзей. У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах», — сказаў ён.
Роя асабіста падзякаваў і міністру замежных спраў Маргусу Цахкну. «Калі б не вы, я, верагодна, да гэтага часу быў бы там», — сказаў ён.
Паводле слоў Цахкны, праца над вызваленнем грамадзяніна Эстоніі вялася амаль паўтара года. «У студзені 2024 года мы атрымалі інфармацыю, што беларускія ўлады затрымалі ў Мінску грамадзяніна Эстоніі. З тых часоў пасольства і дыпламаты знаходзіліся ў пастаянным кантакце з Роя і яго сям’ёй», — адзначыў міністр.
Міністэрства замежных спраў Эстоніі настойліва рэкамендуе ўстрымацца ад паездак у Беларусь, а тых грамадзян Эстоніі, што знаходзяцца там часова, заклікае перагледзець неабходнасць знаходжання і па магчымасці вярнуцца на радзіму.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі расказаў, як за дапамогу яму асудзілі іншага вязня, што сядзеў не за палітыку
Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе