Памёр Радзім Гарэцкі
Акадэміку-геолагу было 96 гадоў.
У пераломны момант беларускай гісторыі, у 2000 годзе, ён стаў сустаршынёй Усебеларускага з’езда за незалежнасць.
Ён нарадзіўся ў 1928 годзе ў Менску, у сям’і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.
З 1992 па 1997 год Радзім Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Ён усімі сіламі падтрымаў рух за незалежнасць Беларусі і дапамагаў станаўленню грамадзянскай супольнасці Беларусі. З 1993 года ён стаў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
У кнізе «Ахвярую сваім «я»… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)» (1998) Радзім Гарэцкі апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.