БЕЛ Ł РУС

Выкладчыца Наталля Дуліна: Я катэгарычна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. І я б была рада, калі б вывезлі кагосьці іншага

21.06.2025 / 19:53

Nashaniva.com

«Я, шчыра кажучы, вельмі не хацела з'язджаць з Беларусі. Мне заставалася паўгода, я ў снежні павінна выходзіць. І я б, вядома, была рада, калі б узялі кагосьці іншага. Але, на жаль, мне не далі магчымасці неяк самой вырашаць, разумееце?»

Наталля Дуліна. Скрыншот відэа «Белсата»

Выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна расказала «Белсату» пра абставіны свайго вызвалення.

У пятніцу раніцай 19 чэрвеня да яе прыйшоў аператыўнік і сказаў сабраць усе рэчы. Потым ёй і Галіне Краснянскай, якая сядзела ў той жа Гомельскай калоніі, але ў іншым атрадзе, сказалі пераадзецца ў звычайнае адзенне. Іх павялі да мікрааўтобуса —каля яго стаяла чалавек 7 у балаклавах і сабака.

«Паставілі мы рэчы ў багажнік, нас пасадзілі, зашчапілі кайданкі. (…) Надзелі медыцынскую маску на вочы і сказалі не чапаць яе».

Куды іх везлі, Наталля не ведала.

«Усякія думкі ў галаве ў гэты час», — прызналася яна.

«Нарэшце нас прывозяць, гэтак жа ў гэтых масках — мы нічога не бачым — і ў гэтых кайданках нас кудысьці вядуць па прыступках уніз, і мы апынаемся — дзякуючы Галі я гэта даведалася — у СІЗА КДБ».

Там у пакоі іх абшукалі і развялі па розных камерах. Позна ўвечары жанчыны схадзілі ў душ і ляглі спаць.

У суботу раніцай іх з рэчамі паклікалі на выхад, нічога не тлумачачы.

«На галаву балаклаву без прарэзу, ну проста як чорны мяшок, таксама кайданкі, і павялі да мікрааўтобуса. І там ужо нас было шмат. І павезлі. (…) У нейкі момант знялі кайданкі, але сказалі мяшкі гэтыя пакінуць, не чапаць.

І потым, значыць, мы знялі мяшкі, і ўжо амерыканцы патлумачылі, што і як, дзе мы знаходзімся, і што цяпер мы едзем у Вільню, у амерыканскую амбасаду».

Пакуль яны ехалі, Дуліна сказала іншай палітзняволенай, Краснянскай: «Ведаеш, Галя, гэта падобна да выкрадання».

«Можа, яны так забаўляюцца, але гэта непрыемна», — сказала Дуліна ў інтэрв'ю пра КДБ.

Калі яна з'язджала, намеснік начальніка калоніі ёй сказаў: «Дуліна, апошні раз, ёсць магчымасць прызнаць віну».

«Я сказала: «Не». Ён кажа: «Ну, значыць, на расстрэл», — успамінае яна дыялог і дадае, што прывыкла да гэтых «аператыўных жартаў».

«Я, шчыра кажучы, вельмі не хацела з'язджаць з Беларусі. Мне заставалася паўгода, я ў снежні павінна выходзіць. І я б, вядома, была рада, калі б узялі кагосьці іншага. Але, на жаль, мне не далі магчымасці неяк самой вырашаць, разумееце?

Калі б я цяпер вярнулася ў той час, пра які я распавяла, і ведаючы, што гэта такое, я б ухілілася».

Чытайце таксама:

На волі экс-дацэнтка МДЛУ Наталля Дуліна — найлепшая італьяністка краіны

Каментары да артыкула