«Сяргей Ціханоўскі ў вельмі бадзёрым стане, той Сяргей Ціханоўскі, якога мы ведаем»
21 чэрвеня былі вызвалены 14 палітвязняў. Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў, што цяпер з імі.
Вызвалены Сяргей Ціханоўскі ў Вільні. Фота: «Радыё Свабода»
Сярод 14 зняволеных не толькі беларусы, але і пяць іншых нацыянальнасцяў, адзначыў Кучынскі. У ліку тых, каго прывезлі ў Вільню, няма блогера Ігара Лосіка.
«Мы вельмі ўдзячныя прэзідэнту Трампу, ягонай камандзе, Крысу Сміту, генералу Келагу, за іх лідарства ў пытанні вызвалення беларускіх палітвязняў.
Але мы будзем працягваць змаганне за вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў, у тым ліку Ігара Лосіка. Зараз мы спрабуем уладкаваць беларусаў, каб яны мелі ўсю патрэбную дапамогу для рэабілітацыі, для таго, каб мець дах над галавой», — кажа ён.
Кучынскі расказаў таксама, як пачуваецца Сяргей Ціханоўскі.
«Сяргей Ціханоўскі ў вельмі бадзёрым стане, той Сяргей Ціханоўскі, якога мы ведаем, які захапіў сэрцы мільёнаў беларусаў».