Ізраіль нанёс удары паблізу Фардо і Ісфахана
Дзве асобы загінулі ў выніку ўдару Ізраіля па іранскім горадзе Кум, яшчэ чацвёра атрымалі раненні, паведамляе ізраільскі партал Ynet са спасылкай на СМІ Ірана.
Спадарожнікавы здымак Фардо. 2013 год. Фота: DigitalGlobe / Getty Images
Як мінімум адзін з загінулых, магчыма, працуе на аб’ектах ядзернай праграмы Ірана.
У правінцыі Кум знаходзіцца адзін з найбуйнейшых і самых абароненых аб’ектаў ядзернай інфраструктуры Ірана — Фардо.
Таксама выбухі прагучалі ў Ісфахане, дзе размешчаны ядзерны даследчы комплекс.
Раніцай армія абароны Ізраіля аб’явіла аб новай серыі паветраных удараў па тэрыторыі Ірана ў адказ на ракетны абстрэл цэнтральнай часткі Ізраіля ноччу суботы, 21 чэрвеня.
Астаткі збітай ракеты, як паведамлялі мясцовыя жыхары, упалі на дах будынка ў Тэль‑Авіве, ад чаго дом загарэўся. Па паведамленнях ізраільскай медыцынскай службы, ніхто не пацярпеў.
Чытайце таксама:
У Іране адбыўся землятрус магнітудай 5,2. Адразу пайшлі чуткі