БЕЛ Ł РУС

З Латвіі спрабавалі правезці ў Беларусь восем падсанкцыйных матацыклаў

20.06.2025 / 21:11

Nashaniva.com

З Латвіі спрабавалі незаконна правезці ў Беларусь восем матацыклаў, кошт кожнага з якіх перавышаў 5 тысяч еўра, паведамляе латвійская мытня. Такія матацыклы лічацца прадметамі раскошы і падпадаюць пад санкцыі — іх нельга ўвозіць у Беларусь і Расію з краін Еўрасаюза.

Інцыдэнт адбыўся 10 чэрвеня на памежным пераходзе «Патэрніекі» (з беларускага боку — «Грыгораўшчына»). Матацыклы былі ў грузавіку з літоўскімі нумарамі, а прычэп меў казахстанскія нумары. Праверка паказала, што гэта не першы выпадак, калі гэты ж адпраўнік спрабуе правезці падобны тавар. Раней таксама сцвярджалася, што матацыклы нібыта павінны былі ехаць у Узбекістан.

Аднак у латвійскай мытні ўзніклі сумневы наконт сапраўднага атрымальніка і з’явілася падазрэнне, што груз можа апынуцца ў Беларусі або Расіі. Таму вываз быў забаронены як спроба абыходу санкцый.

Пасля пачатку вайны ва Украіне Еўрасаюз увёў забарону на продаж у Расію прадметаў раскошы, у тым ліку дарагіх матацыклаў і аўтамабіляў. Пазней такую ж забарону пашырылі і на Беларусь, бо праз яе пачалі масава перавозіць санкцыйныя тавары ў Расію.

Згодна з данымі латвійскай мытні, з пачатку 2025 года яны спынілі амаль 800 спробаў незаконнага вывазу тавараў з санкцыйнага спісу.

Чытайце таксама:

«Белавія» паказала новы самалёт — падсанкцыйны Airbus

Як беларуская кампанія пастаўляе ў Расію брэндавае адзенне ў абыход санкцый і ў шкоду дзяржбюджэту

Грузія цалкам забараніла рээкспарт аўто ў Расію і Беларусь. Што гэта азначае для беларусаў на практыцы?

Каментары да артыкула