БЕЛ Ł РУС

Ізраіль атакаваў іранскі цяжкаводны рэактар у Араку. Што гэта за аб'ект?

19.06.2025 / 17:15

Nashaniva.com

19 чэрвеня 2025 года ізраільская армія нанесла ўдар па іранскім ядзерным аб’екце — цяжкаводным рэактары IR-40 у горадзе Арак, прыкладна за 250 кіламетраў ад Тэгерана. Гэта адзін з найбуйнейшых ядзерных аб’ектаў Ірана. Паводле заяў Ізраіля, там маглі вырабляць плутоній, прыдатны для стварэння ядзернай зброі, піша Euronews.

Фота: Atomic Energy Organization of Iran via AP

Ізраіль загадзя папярэдзіў пра магчымую атаку і заклікаў жыхароў пакінуць раён. Падчас нападу былі нанесеныя ўдары, у тым ліку па актыўнай зоне рэактара. Іранскія СМІ паведамляюць пра эвакуацыю жыхароў, хоць сур’ёзных разбурэнняў не зафіксавана. На відэа, апублікаваным пасля інцыдэнту, відаць выбухі.

Рэактар IR-40 пабудаваны ў 2003 годзе і ўключае ўласна сам рэактар і завод па вытворчасці цяжкай вады. Падрабязнасці трымаюцца ў сакрэце, але вядома, што над ім працавалі і замежныя спецыялісты, у тым ліку з Расіі.

Іран сцвярджае, што аб’ект прызначаны толькі для мірных мэтаў, але заходнія эксперты баяліся, што там могуць вырабляць матэрыялы для ядзернай зброі. Паводле ацэнак, рэактар мог штогод даваць да 9 кг плутонію — гэтага хапіла б для стварэння ядзернай бомбы.

Паводле дамоўленасцяў 2015 года аб абмежаванні ядзернай праграмы Ірана, краіна павінна была мадэрнізаваць рэактар і выключыць магчымасць яго вайсковага выкарыстання. У 2016 годзе Іран заявіў, што зацэментаваў актыўную зону рэактара, але неўзабаве высветлілася, што Іран перавысіў дапушчальныя запасы цяжкай вады і нават перадаў яе частку ў Аман.

Пасля атакі іранскае тэлебачанне заявіла, што пагрозы радыяцыі няма. МАГАТЭ пацвердзіла пашкоджанне рэактара, але адзначыла, што на момант удару ён не працаваў і не ўтрымліваў ядзерных матэрыялаў, таму радыяцыйных наступстваў няма.

Аднак пра стан суседняга завода цяжкай вады інфармацыі пакуль няма.

Чытайце таксама:

Супрацьбункерная бомба ЗША: што пра яе вядома і ці сапраўды яна можа разбурыць ядзерныя бункеры Ірана?

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?

Ізраіль ударыў па заводзе цэнтрыфуг у Тэгеране, дзе могуць узбагачаць уран

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Каментары да артыкула