БЕЛ Ł РУС

Пуцін усё больш працуе па начах. Прэс-канферэнцыю для замежных журналістаў пачалі ў 23:30 — і гэта ўжо норма

19.06.2025 / 15:40

Nashaniva.com

Калі ў 2010-я гады ўсе афіцыйныя мерапрыемствы Пуціна, як правіла, заканчваліся да вечара, то ў сярэдзіне 2020-х у раскладзе першай асобы Расіі ўсё часцей з'яўляюцца нарады, сустрэчы і прэс-мерапрыемствы, якія праходзяць позна ўвечары ці нават глыбокай ноччу.

Уладзімір Пуцін. Фота: AP

Магчыма, многіх здзівіла тое, што сустрэча прэзідэнта Расіі з прадстаўнікамі вядучых заходніх інфармацыйных агенцтваў у сераду пачалася амаль апоўначы — у 23:30. Аднак, як сведчыць аналіз рабочага графіка Пуціна, начная актыўнасць — норма апошніх гадоў.

Так былы журналіст крамлёўскага пула ў адным з інтэрв'ю выданню «Агенцтва» расказаў, што яшчэ ў другой палове 2010-х пра такую звычку не было ніякай гаворкі:

«Нельга было сабе ўявіць, каб нарада па эканоміцы пачынаецца ў раёне 21-й гадзіны. Я з Крамля самае позняе а сёмай вечара сыходзіў, а то і раней, у Нова-Агарове ўсё звычайна было паміж 13 і 17 гадзінамі прыкладна. У Бачаровым ручаі ў Сочы таксама было ўсё ў сярэдзіне дня».

Рэдкія выключэнні з гэтага правіла ў 2010-я гады можна пералічыць па пальцах. Як правіла, яны былі звязаны не з планавымі мерапрыемствамі, а з надзвычайнымі ці міжнароднымі падзеямі. Напрыклад, адной з нямногіх начных рабочых сесій таго перыяду сталі перамовы «нармандскай чацвёркі» па Украіне ў лютым 2015 года, якія зацягнуліся на ўсю ноч. Пагадненне Мінск-2 было выпрацавана толькі пад раніцу.

Згодна з аналізам «Агенцтва», колькасць дзён, калі Пуцін пасля 20:00 праводзіў сустрэчы і нарады, пачала расці з 2022 года.

Так, калі ў 2021 годзе толькі рэдкія афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам Пуціна праводзіліся пасля васьмай вечара, то ў 2022-м яны склалі каля 15%. У 2023-м годзе ўжо кожны чацвёрты дзень з афіцыйнымі мерапрыемствамі заканчваўся позна ўвечары.

Асабліва характэрны рост менавіта глыбока начных падзей — тых, што праходзяць пасля 23:30. Калі ў 2022-м Крэмль расказаў аб трох мерапрыемствах з ўдзелам Пуціна, якія пачаліся каля апоўначы, то ў 2023-м такіх начных сустрэч было не менш за восем.

Рост начной актыўнасці Пуціна шмат у чым супаў па часе з нарастаннем унутраных і знешніх выклікаў для Крамля. Эксперты і інсайдары вылучаюць некалькі тлумачэнняў гэтай з'яве.

Ваенна-палітычныя крызісы

Па назіранні журналістаў, найбольшая колькасць позніх мерапрыемстваў прыпадае на перыяды вострых падзей.

Напрыклад у лютым 2022 года (пачатак баявых дзеянняў супраць Украіны) Пуцін меў больш за 30% дзён з афіцыйнымі сустрэчамі позна ўвечары і ноччу. Гэтаксама было і ў другой палове 2023 года, калі вайна працягвалася, а ўнутрыпалітычная сітуацыя патрабавала павышанай увагі. У кастрычніку 2023 года працоўных дзён з афіцыйнымі мерапрыемствамі пасля 20:00 было 42%.

У 2024-м годзе прэс-сакратар Пуціна Пяскоў адзначаў, што Пуцін «днём і ноччу» атрымлівае справаздачы ваенных і асабіста кантралюе пытанні ў абласцях з вострай сітуацыяй, знаходзіцца ў «штодзённым ці штогадзінным кантакце з главамі рэгіёнаў».

Асабістыя звычкі самога Пуціна

Паводле шэрагу сведчанняў, прэзідэнт Расіі — тыповая сава: ён аддае перавагу працаваць у начны час, калі яго не адцягваюць знешнія кантакты, і часта пераносіць азнаямленне з дакументамі, прагляд зводак і прыняцце рашэнняў на позні вечар ці нават ноч. З цягам часу такі рэжым дня пачаў адбівацца і на афіцыйным раскладзе.

Біялагічны фактар

З узростам у некаторых людзей могуць адбывацца змены ў цыркадных рытмах, якія ўплываюць на рэжым дня. У пажылых людзей (пасля 50-60 гадоў) часта скарачаецца патрэба ў сне — з 7-9 гадзін да 6-7 гадзін у суткі, што можа прыводзіць да павышэння актыўнасці ўвечары.

Акрамя таго, хранічны стрэс і высокая адказнасць, звязаныя з палітычнымі крызісамі, могуць павышаць узровень картызолу і адрэналіну, што перашкаджае нармальнаму сну і зрушвае пік актыўнасці на ноч. У некаторых выпадках парушэнні сну, такія як інсамнія, могуць вымушаць чалавека працаваць у начны час.

У 2020-м годзе Пуцін расказаў журналістам, што часам працуе ў Крамлі да другой гадзіны ночы і тады застаецца там начаваць. А ў верасні 2024-га на сустрэчы з школьнікамі ў сталіцы Тувы Кызыле ў пачатку навучальнага года прызнаўся, што звычайна спіць па шэсць гадзін у суткі, што адпавядае біялагічным асаблівасцям пажылых людзей.

Важна адзначыць, што падначаленым і атачэнню прэзідэнта Расіі прыйшлося адаптавацца да новых гадзін працы. Некаторыя параўноўваюць новы рабочы рытм Пуціна з графікам працы Сталіна, які з канца 1930-х гадоў усё больш стаў праводзіць нарады і сустрэчы позна вечарам і ноччу.

Чытайце таксама:

Пуцін заявіў, што гатовы сустрэцца з Зяленскім, але падпісваць з ім нічога не будзе

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца

Вучоныя папярэджваюць, што наш розум не павінен прачынацца ўначы

Каментары да артыкула