У Беларусі значна скарацілася колькасць абортаў
У 2024 годзе на тысячу жанчын прыпала каля 7 абортаў, а дваццаць гадоў таму гэты паказчык быў утрая большы. За апошнія гады агульная колькасць абортаў зніжаецца штогод — летась было зроблена 14,5 тысячы, на 1,4 тыс. менш, чым у папярэднім годзе, і на 50 тысяч менш, чым у 2006-м, піша выданне «Белорусы и рынок».
Фота ілюстрацыйнае
Скарачэнне тлумачыцца не толькі змяншэннем колькасці жанчын фертыльнага ўзросту, але і агульным зніжэннем долі абортаў на душу насельніцтва. Калі цяпер гэта 6,8 на тысячу жанчын, то ў 2005 годзе было 22,6.
Асноўная колькасць абортаў па-ранейшаму прыпадае на жанчын ва ўзросце 25—34 гады. Але ў параўнанні з мінулымі дзесяцігоддзямі амаль зніклі аборты сярод дзяўчат 15—19 гадоў: цяпер усяго 2 выпадкі на тысячу, хаця ў 2005 годзе — 16.
Сітуацыя ў розных рэгіёнах розная. У Мінску і Мінскай вобласці — найбольш спрыяльная: 4,5 аборты на тысячу жанчын. У Віцебскай і Гомельскай — удвая большая: 10—11.
Хоць улады і грамадскія ініцыятывы ўсё часцей асуджаюць аборты ў рамках кансерватыўнай рыторыкі, статыстыка сведчыць, што колькасць абортаў змяншаецца і без асаблівага знешняга ўмяшання.
Асноўнымі прычынамі зніжэння сталі рост узроўню жыцця і адукацыі, распаўсюджанне кантрацэпцыі і, разам з гэтым, скарачэнне нараджальнасці. У 2024 годзе на адну жанчыну прыпадала ўсяго 1,08 нараджэння, тады як у 2016 годзе — 1,7. Таму можна выказаць здагадку, што беларускі проста радзей зацяжарваюць, а значыць — радзей і робяць аборты.
Чытайце таксама:
У ЗША дактары адключылі ад апарата 31-гадовую амерыканку — яна нарадзіла ў коме
Большасць студэнтаў БДУ лічыць прымальнымі гомасэксуальнасць і аднаполыя шлюбы
Беларуска паставіла імплант у руку для кантрацэпцыі. Што гэта такое?