Людзі здзіўляюцца таму, што ў вёсках на Браслаўшчыне няма платоў. Чым гэта можна патлумачыць?
Турысты, якія наведваюць гэты азёрны край, здзіўляюцца не толькі прыгажосці краявідаў, але і дзіўнай традыцыі не адгароджвацца ад іншых. Мясцовыя кажуць, што так у іх было заўсёды. Вырашылі разабрацца, чаму гэтая традыцыя прыжылася толькі тут.
Прыватныя ўчасткі на Браслаўшчыне часта не маюць ніякіх платоў. Скрыншот відэа
Нагодай для гэтай публікацыі стала відэа ў тыктоку, у якім зноў звярнулі ўвагу на гэтую асаблівасць рэгіёна.
Калі верыць каментатарам, то платы адсутнічаюць не толькі ў вёсках Браслаўскага раёна, але і суседніх Глыбоцкім, Пастаўскім, Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнах і памежных раёнах Літвы і Латвіі. У гэтым можна пераканацца, скарыстаўшыся сэрвісамі вулічных панарамных здымкаў. У выпадку Літвы можна заўважыць наступнае: чым бліжэй да Вільні — тым часцей у вёсках з’яўляюцца платы.
Нетрадыцыйная адкрытасць
Двары-комплексы: 1 — з прыбудаванымі хлявамі (Дарожкі Мёрскага раёна); 2 — з прыбудаванымі хлявамі, што маюць крыты дзяннік (Камаі Пастаўскага раёна); 3 — з адкрытым дзенніком і чыстым дваром (Васількішкі Браслаўскага раёна); 4 — з адкрытым дзенніком, прыбудаваным за домам (Янукі Докшыцкага раёна). Фота: «Беларускае народнае дойлідства»
Інфармацыя пра рэгіянальныя традыцыі агароджвання тэрыторыі ў беларускіх вёсках адсутнічае ў профільных выданнях, прысвечаных традыцыйнай архітэктуры. Але гісторык архітэктуры Сяргей Сергачоў у сваёй кнізе «Беларускае народнае дойлідства» піша, што ў Паазер’і (якое амаль адпавядае Віцебскай вобласці) заўважнае імкненне да замкнёных сядзібных комплексаў. Селянін імкнуўся размяшчаць свае пабудовы такім чынам, каб і яны самі, і іх інтэр’еры былі схаваныя ад чужых вачэй.
Менавіта ў гэтай частцы Беларусі, у Паазер’і, двары-комплексы мелі найбольшае распаўсюджанне. У гэтых замкнёных дварах прастора паміж пабудовамі замыкалася платамі.
Як на падбор у кнізе прыводзяцца характэрныя прыклады выключна з тых раёнаў, якія цікавяць нас: у вёсках Дарожкі Мёрскага раёна, Камаі Пастаўскага раёна, Васількішкі Браслаўскага раёна і Янукі Докшыцкага раёна.
Адкрыты дзяннік двара-комплексу на хутары Акелы Пастаўскага раёна. Фота: «Беларускае народнае дойлідства»
Даследчык народнай архітэктуры Уладзімір Трацэўскі звяртае ўвагу на тое, што пагонныя сядзібы, распаўсюджаныя на большай частцы Беларусі, чые двары добра праглядаліся з вуліцы, былі нехарактэрныя для замкнёнай забудовы поўначы Беларусі.
Ужо толькі гэтыя глуха замкнёныя двары, традыцыйны тып жылля ў заходняй частцы Паазер’я, разбураюць міф пра спрадвечнасць традыцыі не адгароджвацца ад іншых. Але ж, відаць, нейкія прычыны дайсці да такой сітуацыі ў мясцовых жыхароў былі.
Хутарскі край
Яшчэ адна асаблівасць Браслаўшчыны, якую немагчыма ігнараваць — яна была хутарскім краем.
Хутарская гаспадарка на заходніх тэрыторыях Беларусі пачала складацца ў XVI стагоддзі ў выніку правядзення валочнай памеры. Яшчэ ў XIX стагоддзі існавалі ў асноўным фальваркі, што належалі шляхціцам-арандатарам, аднадворцам і чыншавым сялянам. Толькі ў другой палове XIX стагоддзя, з распрыгоньваннем і з развіццём сельскай гаспадаркі, з’явіліся сялянскія хутары.
У гады сталыпінскай аграрнай рэформы ініцыятыву часткі сялян падтрымлівала дзяржава, і рассяленне на хутары набыло характар імклівага руху. Пад уплывам перасяленцаў з Прыбалтыкі хутарское рассяленне ў беларускіх губернях асабліва пашырылася на мяжы XIX—XX стагоддзяў. Напрыклад, у Віцебскай губерні ў 1905 годзе налічвалася больш за 5 тысяч хутароў.
Ацэнка ўрадлівасці глеб сельскагаспадарчых зямель па раёнах. Фота: «Почвоведение и агрохимия» № 1(62) 2019
Такую колькасць хутароў на поўначы Беларусі, відаць, можна патлумачыць вельмі нізкай урадлівасцю зямлі тут. Сяляне шукалі лепшых надзелаў без цераспалосіцы, выходзячы на аддаленыя тэрыторыі. На Браслаўшчыне хутарской гаспадарцы таксама спрыяла нізкая лясістасць.
Хтосьці можа здзівіцца, маўляў, гэта ж наша прыродная перліна, дзе шмат лясоў, балот і азёр. Лясы, відавочна, ёсць, але буйных масіваў зусім не шмат, у чым можна пераканацца, адкрыўшы карту. Па ўзроўні лясістасці гэтыя раёны нават у межах Віцебскай вобласці значна саступаюць многім іншым.
Лясістасць па раёнах Беларусі. Браслаўскі край не можа пахваліцца такой колькасцю лясоў, як суседнія раёны Віцебшчыны і Міншчыны.
На Палессі, дзе зямля таксама не вельмі ўрадлівая, прыродныя фактары — густыя лясы, непраходныя балоты і зрэзанасць буйнымі рэкамі тэрыторыі — прывялі да супрацьлеглай сітуацыі — з'яўлення нешматлікіх, але вельмі вялікіх сельскіх паселішчаў.
У Савецкай Беларусі змагаліся з хутарскімі гаспадаркамі, якія былі перашкодай для стварэння калгасаў. У 1929 годзе хутарская форма наогул была забаронена, а ў 1939 годзе пастановай загадалі ўсе хутарскія гаспадаркі да верасня 1940 года ссяліць на пасёлкі.
Большая частка рэгіёна, які нас цікавіць, у міжваенны час уваходзіла ў склад Польшчы, дзе хутарызацыя наадварот была адным з асноўных кірункаў аграрнай палітыкі. Ссяленне на пасёлкі адбылося пры савецкай уладзе нашмат пазней, толькі ў 1950-я гады.
Планіроўкі хутарскіх вёсак на Беларусі. Фота: «Гісторыя архітэктуры народнага жытла Беларусі»
І вось недзе тут і крыецца ключ да разумення гэтай з'явы. З аднаго боку, мы ведаем, што хутарскія сядзібы Паазер’я былі замкнёныя і добрая агароджаныя. Сергачоў ніяк не датуе прыведзеныя ім двары-комплексы, але праз недаўгавечнасць дрэва можа меркаваць, што ўзніклі яны ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя, перыяд актыўнай хутарызацыі рэгіёна. Замкнёны двор з высокімі платамі бараніў свойскіх жывёл ад драпежнікаў і зладзеяў, а таксама не даваў свойскай жывёле збегчы з хутара ў чыстае поле.
З іншага боку, не было неабходнасці адгароджваць свае ўчасткі ад іншых участкаў і ад суседскай жывёлы, як гэта было ў буйнейшых паселішчах.
Натуральна, што ў мадэрнавы час традыцыйная схема жытла трансфармавалася: хаты станавіліся прастарнейшымі і камфортнейшымі, а глухі замкнёны гаспадарчы двор мог адасабляцца ад жылой часткі.
Тады мець агароджу вакол усяго ўчастка ўвогуле не мела якой-небудзь практычнай мэты: усё каштоўнае, што ёсць у сям’і, зберагалася замкнёнае ў гаспадарчым двары ці за дзвярыма хаты. Максімум — загарадка вакол гарода, каб свойская жывёла не стаптала садавіну ды гародніну.
Буйная свойская жывёла тут дакладна была калісьці, рэгіён нават славіўся ў канцы XIX стагоддзя сваёй мяса-малочнай прадукцыяй, напрыклад, Дзісенскі павет лічыўся цэнтрам маслабойнай вытворчасці Віленскай губерні.
Каментатары пад відэа правільна заўважаюць, што платы не патрэбныя толькі там, дзе няма свойскай жывёлы, якая можа стаптаць агарод. Некаторыя мясцовыя пішуць, што агароджы ў іх ёсць, але не ўздоўж вуліц, а каля гаспадарчых пабудоў, напрыклад, куратнікаў.
Можна выказаць здагадку, што калі пачалі змагацца з хутарамі і праводзіць калектывізацыю, у час якой многія жыхары хутароў былі сселены ў буйнейшыя паселішчы, іх зямля перайшла да дзяржавы, а ўся свойская жывёла прымусова забраная ў калгас, то былым хутаранам не засталося што адгароджваць — яны нічым не валодалі. Гэта яшчэ і моцны эканамічны ўдар — у людзей адабралі тое, за кошт чаго рэгіён жыў і чым быў слаўны.
Што праўда, акрамя свойскай жывёлы, ёсць яшчэ і дзікая. І Браслаўшчына, якая не адрозніваецца лясістасцю, у лідарах па пагалоўі ласёў, якіх гаспадары наўрад ці чакаюць на сваіх прыватных участках.
Мноства дробных паселішчаў і хутароў, аб'яднаных у хутарскія вёскі аднымі толькі назвамі — характэрная рыса Браслаўскага краю.
Працэс дэхутарызацыі, відаць, так і не быў у поўнай меры завершаны: у гэтым рэгіёне дагэтуль пераважаюць вельмі дробныя паселішчы, на адзін ці некалькі дамоў. Каб уяўляюць наколькі раскіданае насельніцтва: у Браслаўскім раёне 29 тысяч чалавек пражываюць у 593 паселішчах, а ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці 73 тысячы чалавек пражываюць у 78 паселішчах.
593 населеныя пункты ў Браслаўскім раёне — гэта абсалютны рэкорд сярод усіх раёнаў Беларусі.
Калі на Палессі вялікія паселішчы маюць некалькі вуліц і як бы перацякаюць адно ў адно ўздоўж дарог, то сетка рассялення на Браслаўшчыне такая дысперсная, што немясцовы чалавек у рэдкім выпадку патрапіць у якое-небудзь дробнае паселішча выпадкова, а членаў пары сямей, якія насяляюць іх, мясцовыя ведаюць пайменна.
Гэтым можна было б патлумачыць адсутнасць платоў у малых паселішчах, але ж іх не назіраецца ў якім-небудзь гарадскім пасёлку тыпу Відзаў. Насамрэч гэта не зусім так, уздоўж дарог мясцовыя ставяць агароджы, бо ў іх ёсць відавочная патрэба, але невысокія і з сеткі, а дзе-нідзе і традыцыйныя бетонныя агароджы, якія масава ставілі ў 2000-я. Але ў цэлым значная доля ўчасткаў сапраўды не агароджана.
Шчыльная забудова вуліц Відзаў у 1915 годзе. Фота: Wikimedia Commons
З гісторыі Відзаў мы дакладна ведаем, што мястэчка амаль цалкам было разбурана ў час Першай сусветнай вайны. Здымкі нямецкай акупацыі дазваляюць уявіць традыцыйную забудову Відзаў, якая да вайны была зусім іншай: драўляныя і, у меншай ступені, мураваныя дамы стваралі вельмі шчыльны фронт забудовы, які развіваўся ўглыб кварталаў шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі. Тут не патрэбныя былі агароджы, бо паміж дамамі максімум магла змясціцца брамка ці дваровы праезд. Што праўда, там, дзе забудова чамусьці абрывалася, можна пабачыць і глухія платы.
Забудова Відзаў у 1915 годзе. Там, дзе былі разрывы ў забудове, можна пабачыць і платы. Фота: Wikimedia Commons
І ўсё гэта было знішчана ў адзін час. Там, дзе раней змяшчаліся пяць дамоў, цяпер участак пад адзін дом. Уся забудова былога мястэчка «сучасная», а не традыцыйная. З’яўляліся новыя тыпы камфортнага жытла, не заціснутага ў шчыльнай забудове. Насамрэч амаль усе нашыя вёскі былі забудаваныя ў першай палове XX стагоддзя, тая традыцыйная архітэктура, месцамі жудасная сваёй архаічнасцю, беднасцю ды ўбогасцю, якую можна пабачыць на здымках этнографаў, ужо вельмі даўно адышла ў нябыт.
Галоўнае, што як у мястэчку, так і ў гарадскім пасёлку людзі не жылі за кошт сельскай гаспадаркі. Агарод тут прыемны бонус, а не жыццёвая неабходнасць. Няма, натуральна, і буйной свойскай жывёлы.
Найчасцей можна пабачыць адсутнасць агароджаў там, дзе няма ніякага агарода. У многіх дамах людзі жывуць толькі ў летні сезон, фактычна ператварыўшы іх у лецішчы з лужком і кветкамі вакол дома.
Паміж Полацкам-Наваполацкам з аднаго боку і Маладзечнам ды Мінскам з іншага — няма ніводнага буйнога горада.
Не варта забываць, што Браслаўшчына была б сапраўдным мядзведжым вуглом Беларусі, калі б не рэкрэацыйная прыцягальнасць. Тут невялікая колькасць насельніцтва, адсутнічае хоць якая значная прамысловасць і буйныя эканамічныя цэнтры. Сюды не перабіраюцца жыць людзі, а толькі з’язджаюць, бо ад Полацка на ўсходзе да самага Маладзечна на поўдні няма кольвек вялікіх гарадоў.
Браслаўскі край мог бы сёння быць дэпрэсіўным кутком краіны, калі б не рэкрэацыйная прыцягальнасць.
Весці дачную гаспадарку затратна: вялікія гарады, дзе жывуць дачнікі, знаходзяцца вельмі далёка адсюль, а транспартнае злучэнне не ахоплівае шматлікія дробныя паселішчы. Зрэшты, паселішчы не выглядаюць закінутымі, многія дамы на ўчастках без агароджаў адносна новыя.
Гэта беларуская Аркадыя, пастаральны край для ціхага ідылічнага жыцця на прыродзе, дзе амаль няма людзей. Няма перасяленцаў — няма і новых парадкаў, якія б яны з сабой прыносілі. Невялічкія паселішчы вядуць сваё ізаляванае жыццё, падобнае да хутарскога.
Новааляксандраўскі павет Ковенскай губерніі, заціснуты паміж Віленскай, Віцебскай і языком Курляндскай губерняў.
Яшчэ адной цікавай адметнасцю Браслаўшчыны, ужо гісторыка-адміністрацыйнай, з’яўляецца тое, што гэтая тэрыторыя ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя не належала ні да адной з так званых «беларускіх губерняў». У 1843 годзе Новааляксандраўскі (а раней Браслаўскі) павет перадалі са складу Віленскай у Ковенскую губерню. Яшчэ больш на поўнач, выцягнуўшы доўгі язык уздоўж левага берага Дзвіны, пачыналася Курляндская губерня, якая да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай была васальным Курляндскім і Земгальскім герцагствам. Амаль дакладна па граніцы Курляндыі сёння прайшла беларуска-латвійская мяжа.
Праўда, што тычыцца Ковенскай губерні, то яна ахоплівала тэрыторыю амаль выключна Браслаўскага раёна, уключаючы сам Брасаў і Відзы, але геаграфія беларускіх вёсак, дзе сёння не ставяць платоў, шырэйшая: ахоплівае і тыя раёны, што былі ў Віцебскай губерні, і тыя, што былі ў Віленскай.
Чаму на Браслаўшчыне няма агароджаў, мы дакладна адказаць не можам. Меркаванні, выказаныя каментатарамі, што гэта звязана з каталіцкай вера, беднасцю насельніцтва ці літоўска-латвійскім уплывам, выглядаюць несамастойнымі. Гэта не адзіны рэгіён Беларусі, дзе дамінуе каталіцтва, нейкая асаблівая беднасць мясцовага насельніцтва нічым не пацвярджаецца, а ў Літве багата платоў у вёсках.
Прыватныя ўчасткі на Браслаўшчыне часта не маюць ніякіх платоў. Скрыншот відэа
Што сапраўды вылучае гэты рэгіён на фоне іншых, як мы пастараліся паказаць вышэй, дык гэта схема рассялення — гэта самы хутарскі край Беларусі, дзе няма вялікіх гарадоў.
Відаць, прычыну адсутнасці платоў трэба шукаць менавіта ў гэтым. Як канкрэтна гэтая традыцыя замацавалася на Браслаўшчыне, праз сацыяльна-экамічныя прычыны, побытавую зручнасці ці проста праз моду — пытанне да культуролагаў.