БЕЛ Ł РУС

«Ездзяць на люксовых аўто, а 30 рублёў шкада». Галоўрэд раёнкі паскардзіўся, што ніхто не хоча падпісвацца на газету

18.06.2025 / 17:15

Nashaniva.com

Галоўны рэдактар газеты «Добрушскі край» скардзіцца, што беларусы сталі занадта добра жыць, таму больш не хочуць чытаць раёнку.

Сяргей Чайдак. Фота з сацсетак

Галоўны рэдактар добрушскай раёнкі разразіўся калонкай, у якой раскрытыкаваў сучасныя норавы і прыгадаў, як добра было раней.

На развагі пра вечнае яго натхніла тое, што людзі не хочуць падпісвацца на газету. Чайдак сцвярджае, што аб'ездзіў многія прадпрыемствы і сустрэў там непаразуменне.

«У час правядзення падпісной кампаніі меў гонар сустрэцца з многімі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Размова кожны раз складвалася непрадказальна. Але адна тэндэнцыя зачапіла: чым вышэйшы на канкрэтным прадпрыемстве ўзровень заработнай платы, тым менш разумення», — напісаў мясцовы прапагандыст.

Далей ён вырашыў залезці ў кішэню жыхарам раёна і папракнуць іх за нібыта вялікія заробкі.

«А я не магу сабе дазволіць выдаткаваць 30 рублёў на папяровае выданне, мне дзяцей трэба карміць», — заявіў адзін з суразмоўцаў, круцячы ў руках падчас размовы мабільны тэлефон, коштам у яго паўгадавы заробак. Аналагічную рэпліку чуў і ад людзей, што вярталіся з працы дадому на люксовых аўто, набытых у салонах вядомых брэндаў», — наракае Чайдак.

Логіка ў яго такая: калі ў цябе дарагі тэлефон, але ты не падпісваешся на «Добрушскі край», значыць, не маеш права скардзіцца на працу камунальных службаў.

«Зацікаўленасці ў жыцці раёна ніякай, затое прэтэнзій ад такіх людзей можна пачуць дзясяткі. Той самы малады чалавек з дарагім тэлефонам з ходу назваў некалькі праблем, што перашкаджаюць ягонаму камфортнаму жыццю. Гэта не своечасова скошаная трава каля ўваходу ў шматпавярховік, дзіцячая пляцоўка, якая патрабуе фарбавання, няякаснае прыбіранне лесвічнай пляцоўкі, штурханіна ў аўтобусе», — скардзіцца Чайдак.

У прыклад ён ставіць пенсіянераў, якія са сваёй сціплай пенсіі ўсё ж выдзяляюць грошы і падпісваюцца на раёнку. Усё таму, што яны «памятаюць стыхійныя суботнікі» і як усе разам па чарзе прыбіралі пад’езды.

«Няўжо праўдзівае сцвярджэнне, што з ростам даходаў і дабрабыту грамадства становіцца больш скупое на спачуванне, дапамогу, але больш патрабавальнае да якасці паслуг і тавараў, сэрвісу?» — пытае Чайдак.

Далей ён пачаў расказваць, як людзі жылі раней. У тыя часы, калі яны яшчэ хацелі падпісвацца на «Добрушскі край». Тэлевізар тады паказваў тры каналы, забаў ніякіх не было, затое сена і дровы трэба было нарыхтоўваць самастойна. Чайдак з настальгіяй успамінае, як людзі прачыналіся а трэцяй раніцы, каб касіць траву звычайнай касой. А не газонакасілкай, як цяпер.

Людзей, якія скардзяцца на дрэнную працу камунальных службаў, прапагандыст абвінавачвае ў сацыяльным утрыманстве.

«Сёння і бензакосы ў кожным двары ёсць, і бензапілы, а сотку-другую пустазелля скасіць каля двара гідзімся, як і спілаваць кустоўнік на пустцы. Усё на ўладу наракаем: мы, маўляў, падаткі плацім, хай нам дастойны ўзровень упарадкавання забяспечваюць. Вось такое сацыяльнае ўтрыманства», — выносіць прысуд сучаснаму грамадству Чайдак.

На заканчэнне ён паскардзіўся, што мясцовыя жыхары, з якімі ён сустракаўся, навіны чытаюць толькі ў тэлеграм-каналах, таму не асабліва пагружаны ў парадак дня. 

Чайдак, дарэчы, у 2020 годзе быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах. Потым ён пісаў артыкулы з асуджэннем пратэстуючых беларусаў.

Чытайце таксама:

«Напісалі, як я хачу вярнуцца ў святую Расію». Прапаганда перакруціла жарт беларускі і прыдумала фэйк пра загніваючую Амерыку

Прапагандыст Ігар Тур вырашыў перасяліцца бліжэй да Астрашыцкага Гарадка

У Магілёве хочуць назваць вуліцу ў гонар гісторыка-лукашыста і ідэйнага настаўніка Гігіна

Каментары да артыкула