БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць

17.06.2025 / 10:45

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка сёння займаецца сваёй улюбёнай тэмай — сельскай гаспадаркай. «Не хочаце ў акопах сядзець, у гразі вошай пладзіць — давайце працаваць», — заявіў ён. 

Лукашэнка нагадаў чыноўнікам, што ўжо прапаноўваў паставіць у Беларусі помнік карове ў знак заслуг гэтай жывёлы ў жыцці людзей, і асабліва ў гады Другой сусветнай вайны.

«Людзі сыходзілі ў лясы і з сабой бралі жывёлу, каб выжыць. Карова і сёння корміць народ. Гэта не толькі малако, але і мяса, — сказаў Лукашэнка падчас паездкі па Мінскім раёне. — Калі мы хочам быць здаровымі, трэба дыхаць нармальным паветрам і харчавацца нармальнымі прадуктамі, зыходзячы з гэтага, карова, вобразна кажучы, павінна стаяць у палацы».

Лукашэнка падкрэсліў, што вырабляць малако высокай якасці — гэта вельмі прыбыткова. 

«Жарты ў бок. Паўтараю яшчэ раз: не хочаце ў акопах сядзець, у гразі вошай пладзіць — давайце працаваць», — прыгразіў ён.

Ён параіў не забываць пра свае прысядзібныя ўчасткі: «хоць бы па дзве баразёнкі высаджваць бульбы».

Падзяліўся і сваім вопытам — сёлета Лукашэнку на двух участках высадзілі бульбу ад Акадэміі навук.

«Усіх забяспечу бульбай, хто тут стаіць», — паабяцаў ён. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула