Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй
Калі Сашы Васілёк было 15, у яе знайшлі паранаідальную шызафрэнію. Але дзяўчына ўзяла хваробу пад кантроль і цяпер вядзе блог, дзе абвяргае стэрэатыпы пра тое, як жыць з такім дыягназам.
Саша Васілёк. Фота тут і далей: скрыншоты відэа
Цяпер Сашы Васілёк 26 гадоў. Дзяўчына жыве ў Санкт-Пецярбурзе, куды перабралася некалькі гадоў таму з роднага Мінска.
Саша расказвае ў сваім блогу, што магла атрымаць дыягназ «шызафрэнія» нават раней, чым у 15 гадоў, калі б не перадузятасць дактароў.
Дзяўчынка з ранняга дзяцінства была адкрытая і камунікабельная, мела шмат сяброў — праўда, уяўных. У 10—11 гадоў яна пачала чуць галасы, а потым яшчэ і бачыла тое, чаго не існуе. Пасля таго, як Саша ледзь не выйшла ў акно шматкватэрнага дома, нарэшце пачалося лячэнне.
У беларускі дыягнаставалі паранаідальную шызафрэнію — псіхічны разлад, пры якім чалавек можа бачыць або чуць рэчы, якіх насамрэч няма, і мець ілжывыя перакананні — напрыклад, што за ім сочаць. Давялося прайсці праз падбор лекаў і псіхіятрычную бальніцу.
Калі Саша трохі ачуняла, яна пачала расказваць у сеціве пра свой досвед хваробы. У тыктоку на яе падпісаныя 1,3 мільёна чалавек.
Таксама Саша часам удзельнічае ў відэа расійскіх блогераў, дзе паказвае, што і пры такім цяжкім дыягназе можна даваць рады жыццю.
Дзяўчына дзеліцца, як выглядае жыццё чалавека з шызафрэніяй і як яно адрозніваецца ад жыцця тых, хто не мае такі дыягназ:
«Як і ўсе, я спакойна жыву: кахаю, сябрую, падарожнічаю, займаюся сваімі звычайнымі справамі. Напэўна, галоўнае адрозненне [ад людзей без шызафрэніі] у тым, што часам мне бывае трошкі цяжэй, чым іншым. Мне даводзіцца пастаянна пытацца ў сябе, ці рэальна тое, што я бачу і чую, ці не можа гэта быць галюцынацыяй.
Падчас абвастрэнняў бывае вельмі цяжка, а яшчэ цяжэй бывае, калі сустракаюцца нецярпімыя людзі. Але ў цэлым, напэўна, я нічым не адрозніваюся. Так, у маім жыцці ёсць свае нюансы. Але калі вы мяне пабачыце ў натоўпе, наўрад ці зразумееце, што са мной нешта не так».
Саша з адным са сваіх гадаванцаў
У адным з ролікаў Саша расказвала, што людзей часта цікавіць — як яна здолела не паставіць на сабе крыж з такім дыягназам і вядзе актыўнае жыццё: мае працу, вядзе блог.
«Я, як і любы іншы чалавек, сумую, здаюся і апускаю рукі, але працягваю, бо асабіста мне тупа сорамна не даць рады. Таму, дарагія мае, шукайце ўласны бзік, які вам таксама дапаможа заўсёды рухацца наперад, і вы таксама будзеце прымаць сябе з любой балячкай.
Далёка не заўсёды гэта пра самаразвіццё і жаданне стаць лепшай. Часта гэта пра нашы комплексы, траўмы і жаданне ўсіх нахіліць».
Дзяўчына расказвала, як лечыцца яе хвароба. На жаль, не існуе магічнай таблеткі, якая дапаможа адразу ж пазбавіцца ад шызафрэніі. Яе лечаць прэпаратамі, якія могуць не падысці канкрэтнаму арганізму, пошук прыдатнай тэрапіі можа займаць гады. Часцей за ўсё, лекі трэба прымаць пажыццёва.
У Сашы ўстойлівая форма хваробы, пры якой лекі могуць не даваць належнага эфекту, і таму ў яе захоўваюцца пэўныя сімптомы. Беларуска расказвае ў сваіх роліках, што ў выпадку з ментальнымі разладамі важна не баяцца прымаць лекі, якія выпісаў псіхіятр, і параўноўвае гэта з фізічнымі хваробамі — маўляў, людзі ж п’юць антыбіётыкі, калі маюць ангіну.
Дыягназ перашкодзіў Сашы вывучыцца на псіхолага. Падчас паступлення ва ўніверсітэт дзяўчына прынесла даведку ад дактароў, якая мусіла мець рэкамендацыйны характар, але ў ВНУ скарысталіся гэтым, каб не прыняць абітурыентку са складаным дыягназам.
І гэта толькі адна з праблем, якія Сашы прынесла хвароба:
«З самага дзяцінства, як толькі мне паставілі гэты дыягназ, мяне пераконваюць, што я небяспечная, неадэкватная і мне не месца сярод нармальных людзей. Нават дактары, якія мусілі мяне лячыць, рабілі мне горш, калі называлі мяне бомбай запаволенага дзеяння.
Яны абяцалі, што ў 18 гадоў я буду ў псіханеўралагічным інтэрнаце і што ў жыцці мяне не чакае нічога добрага. Дарэчы, цяпер мне 22, і я здымаю гэтае відэа не ў сценах інтэрната».
Дзяўчына абвяргае стэрэатыпы, што чалавек з шызафрэніяй абавязкова небяспечны для навакольных. У яе ёсць свойскія жывёлы — ужо некалькі гадоў жывуць тры змяі, а пазней да іх дадаўся і сабака. Саша ўзяла да сябе 15-гадовага пінчара з вуліцы.
За гэта яе моцна крытыкавалі каментатары — маўляў, з такой хваробай дзяўчына не дасць рады гадаванцам. Але Саша дбае пра іх. Беларуска выдаткавала багата грошай на сабаку і прывязалася да яго, але некалькі месяцаў таму даведалася, што ў яе гадаванца рак і яму засталося жыць няшмат.
Што да людзей, то, дзеліцца Саша, не кожны здольны на адносіны з чалавекам, які мае ментальную хваробу:
«А вы таксама чулі, што чалавек, які разумее і кахае, вырашыць любыя праблемы з псіхікай? Калі б мне давалі даляр кожны раз, як я такое чую, я была б багатая. «Я разумею сур’ёзнасць тваёй хваробы», «я гатовы да цяжкасцяў і ўсё вытрымаю»…
А калі разумеюць, што псіхічная хвароба — гэта не як у фільмах, калі ад кахання ён/яна робіцца здаровы, то шалеюць і лічаць, што праблема ў табе. Псіхіку лечаць псіхатэрапія і таблеткі, не адносіны».
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Навукоўцы зразумелі, чаму нашы вясковыя бабулі жылі даўжэй
Якія часы, такія і прэзенты: у беларускіх аптэках можна набыць падарункавыя сертыфікаты