Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква
Раман Філіпенкі чытачы вельмі чакалі. Тыраж яго беларускага выдання разабралі за тыдзень. Яго называюць першай беларускай кнігай пра вайну ва Украіне. Праўда, у кнізе няма ніякай Беларусі, і Украіны няма, піша Зося Лугавая.
Увага: у тэксце ёсць спойлеры.
У кнізе, якую называюць кнігай пра вайну ва Украіне, няма ані слоўца пра вайну. У ёй няма ні Украіны, ні Беларусі, ні Расіі. Быццам бы. Але тое, як аўтар апісвае сваіх герояў і горад, у якім адбываюцца падзеі, не пакідае сумненняў, што гэта не Беларусь. Ва ўсіх гэтах асабняках, багатых пісьменніках ды іх распешчаных дзецях адчуваецца маскоўскі флёр.
Замест вайны ў кнізе — сланы. Яны раптоўна з’яўляюцца ў дамах і кватэрах, у крамах і рэстарацыях, проста на вуліцах. Сланам спачатку здзіўляюцца, але даволі хутка прыстасоўваюцца, перастаюць заўважаць. Пры гэтым сланы моцна ўскладняюць жыццё: займаюць прастору, спаражняюцца, аб’ядаюць і абпіваюць. А пазней яны становяцца небяспечнымі: траўмуюць і забіваюць людзей.
Адразу пасля старту продажаў у пісьменніка была серыя сустрэч з чытачамі ў Польшчы, Нямеччыне, Літве і Латвіі. Гэтыя сустрэчы — важны дадатак да самой кнігі. Я была на дзвюх такіх: аўтар на абедзвюх тлумачыў кнігу.
Магчыма, Саша Філіпенка не надта высокага меркавання пра шырокую аўдыторыю, на якую ён працуе. Таму без падказкі, што гэта кніга пра вайну, ён яе ў свет не выпускае. А то раптам чытач не здагадаецца, што хацеў сказаць аўтар.
На сустрэчах Філіпенка рэгулярна і негатыўна выказваецца пра адмоўныя водгукі на кнігі. І шматкроць паўтарае: я не хадзіў пісаць каментары нават тады, калі піў, а цяпер я не п’ю. Што гэта: какецтва, пыхлівасць? Сам «Слон» пры гэтым поўны чытацкіх каментароў. Яны несапраўдныя, іх прыдумаў аўтар. Не, нават не так: гэтыя каментары напісаў прыдуманы Сашам знакаміты пісьменнік Аляксандр, імітуючы сваіх чытачоў. Усе падзеі ў кнізе разгортваюцца вакол гэтага ўганараванага і прыгрэтага ўладамі пісьменніка і яго сям’і: жонкі, дачкі, маладзёна, з якім дачка ў адносінах, слугі пісьменніка, пазашлюбнага сына.
Каментары ў кнізе злыя і павярхоўныя. І нават калі яны станоўчыя, то ўсё адно ад іх гідка. Атрымліваецца такая быццам бы хітрая гульня, якую задумаў пісьменнік Саша Філіпенка. На сустрэчах ён кажа, што любыя каментары, якія чытачы будуць пісаць пра яго кнігу «Слон», проста стануць яе працягам. А гэта ставіць чытача, які паспрабуе штосьці (негатыўнае) напісаць пра кнігу ў сеціве, у шэраг тых малапрыемных каментатараў, якіх прыдумаў Філіпенка.
«Асабіста мне ў гэтай сцэне чагосьці не хапіла. Можна было б прапісаць яе і лепей… Невядомы чытач.
Ой, слухай, ідзі ты нахер! Аўтар»
Але я ўсё ж не пабаюся аўтарскага гневу і раскажу, чаго кнізе бракуе і чаму яна мне не спадабалася.
Па-першае, другасныя, нецікавыя персанажы. Зрабіць абсалютна ўсіх герояў непрыемнымі — прыём не новы. Але тут яны проста кардонныя. Магчыма, гэта спроба кніжнай матрошкі: аўтар апісвае герояў, якія быццам не ягоныя, а таго аўтара, пра якога ён піша. І робячы іх такімі, пісьменнік расказвае штосьці пра свайго персанажа. Але не спрацоўвае. Героі проста млявыя марыянеткі: і адчайна закаханы комік Паша, і распешчаная дачка вядомага пісьменніка Ганна, і самазакаханы пісьменнік Аляксандр, і яго літаратурная рабыня — жонка Сафія.
Па-другое, тэкст схематычны, эскізны: Філіпенка робіць роўна тое, чым займаецца ягоны герой-пісьменнік. Накідвае ідэі, якія да стану кнігі ўжо мусіць даводзіць жонка. Але «Слон» — гэта не яшчэ адна кніга вядомага пісьменніка Аляксандра. Гэта кніга, якая быццам бы выкрывае такіх, як ён. Якая мусіць паказаць, як людзі ўмеюць наўмысна не заўважаць, пазбягаць і прыстасоўвацца. На сустрэчах з чытачамі Філіпенка, дарэчы, кажа, што лічыць гэту кнігу важнай асабліва для расійскай аўдыторыі, бо людзі ў Расіі цяпер сядзяць з языкамі ў дупе.
Па-трэцяе, у «Слане» шмат другасных думак. Нейкіх антылозунгаў, якія мусілі б быць смешнымі ці высмейваць усіх гэтых багатых прыстасаванцаў. Але чамусьці не смешна і нават неяк няёмка.
«Чалавек павінен быць выдрэсіраваны. Для гэтага і прыдуманая дзяржава».
«Усялякай бясстрашнасці жыццёва неабходная самацэнзура!»
«Сучасны раман — далёка не заклік, але ўсяго толькі пляцоўка для дыскусій».
Напрыканцы Філіпенка спрабуе па максімуме раскруціць чытача на эмоцыі. Таму ў дадатак да катаванняў з’яўляецца канібальства і мача з экскрэментамі ліюцца ракой. І зноўку падаецца, што аўтар не верыць, што чытач здолее зразумець яго ідэю, і выкручвае тумблеры напоўніцу. Калі меркаваць па рэальных каментарах у сацсетках і на сустрэчах, на некаторых гэта напраўду дзейнічае.
«Уніфармісты ўносяць вялікі чорны пакет і кладуць яго перад Сланом. Расшпіліўшы маланку, памочнікі перакладаюць на бетонную падлогу труп Слановага бацькі. Некалькі ўніфармістаў разам з дрэсіроўшчыкам пачынаюць разбіраць чалавека на вачах у Слана… Слон бачыць цяпер, як з бацькі здымаюць скуру і пачынаюць зразаць кавалачкі мяса, накалоўшы якія на крук, дрэсіроўшчык падносіць іх да вуснаў асуджанага».
Філіпенка кажа, што гэта яго найлепшая кніга. Мне так не падаецца: у творы зашмат хайпу і маніпуляцыі.
« — Паслухай, мілая, я прыдумаў апавяданне пра такую спецыяльную камісію, якая вучыць людзей правільна смуткаваць…
— Бліскучая ідэя, Аляксандр!»
Ды няўжо?..
Саша Філіпенка. Слон. — Кракаў: Гутэнберг-паблішэр, 2025