Ці сапраўды ў Турцыі сёлета паўпустыя пляжы?
У тыктоку вірусяцца відэа, быццам у Турцыі сёлета амаль няма турыстаў. Але ці сапраўды ўсё так сумна?
Скрыншот відэа ў тыктоку
У сацыяльных сетках нямала гісторый пра тое, што ў Турцыі сёлета праблемы з турыстамі. Нядаўна беларускі партал Tochka.by таксама апублікаваў тэкст, дзе сцвярджалася: «Турэцкая Рыўера, якая доўгія гады лічылася адным з самых прывабных напрамкаў для адпачынку, зараз назірае беспрэцэдэнтны спад турыстычнага патоку».
Цытавалі ў артыкуле расійскі сайт «Турпром», які ў сваю чаргу спасылаецца на неназваныя брытанскія СМІ: «Колькасць браніраванняў у гатэлях папулярных курортаў дасягнула мінімальных паказчыкаў з часоў пандэміі, што эксперты звязваюць з асцярогамі турыстаў пасля нядаўніх землятрусаў у Эгейскім моры і імклівым ростам цэн».
Сцвярджалася, што кошт турпакетаў для сям'і з чатырох чалавек вырас на 30-100% у параўнанні з мінулым годам.
Пра «пустыя пляжы Турцыі» расказвала і прапагандыстка Наталля Надольская (узначальвае дырэкцыю спецпраектаў тэлеканала СТБ), якая не першы год там адпачывала. Праўда, яе калега — тэлевядучая СТБ Кацярына Забянько, — якая таксама паляцела ў Турцыю, скардзілася, што ля басейна і на пляжы было складана знайсці вольны шэзлонг.
Скрыншоты сторыс Наталлі Надольскай
Ці сапраўды сёлета цэны ажно на 30-100% большыя за леташнія? Беларускія турагенты прызнаюць, што Турцыя падаражала, але не так крытычна. І беларускія турысты туды ўсё роўна паляцяць, бо альтэрнатыў (асабліва для сямей з дзецьмі) мала.
Важны фактар тут — адсутнасць патрэбы ў візе. Бо, каб трапіць у Еўропу да лаўкостаў, трэба мець шэнген у пашпарце, а гэта цяпер той яшчэ квэст.
З гісторыі пра тое, што «Турцыя будзе пустая, бо ўсё надта дорага» смяецца ў тыктоку дырэктар турыстычнага агенцтва «Рэліз Тур» Канстанцін Мацюшкін. Ён кажа ў відэа, што амаль кожны год чуе прагнозы, што гатэлі хутка пазачыняюцца і будуць стаяць пустыя.
— Насамрэч, даражэе вельмі шмат што, і турыстычныя маршруты ў тым ліку. Турцыя ў геаграфічным плане вельмі зручная і зразумелая краіна. Большасць сямей з краін СНД вязуць дзяцей адпачываць у Турцыю. Асабліва тыя людзі, якія маюць грошы. Гэта стэрэатып, што ў Турцыі нізкі ўзровень, што гэта бюджэтны адпачынак.
Канстанцін падкрэслівае: бюджэтных гатэляў у Турцыі цяпер амаль не будуюць — усе новыя комплексы ў асноўным арыентаваны на дарагі адпачынак.
Дырэктар турагенцтва прызнае, што за кошт прахалоднай вясны сёлета быў невялікі спад напачатку турыстычнага сезона, але на ўсё лета плюс верасень турэцкія гатэлі будуць запоўнены на 90-95%. У тым ліку і беларускімі турыстамі.
— Не перастануць у Турцыю лятаць проста таму, што няма альтэрнатывы. Егіпет каштуе крыху танней, але клас гатэляў і ўзровень сэрвісу там горшы. ААЭ таннейшыя, але летам там не сезон. Калі мы бяром Грузію, то там няма такіх гатэляў, няма харчавання «ўсё ўключана», няма такой інфраструктуры для адпачынку з дзецьмі.
Яшчэ адзін варыянт, які агучвае Канстанцін — гэта Азія. І там сапраўды ёсць танныя варыянты. Але зноў жа не супадае сезоннасць і няма такіх забаў для дзяцей, як у Турцыі.
— 1000-1500 еўра за чалавека ў Турцыю — безумоўна, гэта не танна, але людзі ўсё роўна туды лятаюць.
Тым, хто хоча сэканоміць на адпачынку, мужчына раіць памятаць пра ранняе браніраванне, таму што летам цэны заўсёды растуць.
— Я вас запэўніваю: з Мінска летам у сезон па ўсіх пляжных напрамках усе самалёты вылятаюць запоўненымі на 100%.
Згодна са статыстыкай, колькасць беларусаў, якія адпачываюць у Турцыі, штогод расце. У 2022 годзе гэтую краіну наведалі 240 тысяч грамадзян Беларусі, у 2023 — каля 310 тысяч, у 2024 — 335 тысяч. То-бок, за апошнія некалькі гадоў колькасць беларускіх турыстаў у Турцыі павялічылася амаль на 40% — і цэны, якія стабільна растуць, гэтаму не перашкаджаюць.
На сайце teztour.by, з якім працуюць беларускія турфірмы, цяпер самы танны варыянт адпачынку ў Турцыі ў чэрвені для сям'і з трох чалавек каштуе ад 2294 даляраў за дзесяць начэй. Але ж гэта без харчавання і нават без кандыцыянеру ў нумары гатэля, які мае ўсяго дзве зоркі.
Самы танны гатэль з сістэмай «усё ўключана» каштуе ад 2485 даляраў. Але ў ім ёсць правіла, якое шмат каму з беларусаў можа здацца дзіўным: гатэль прынцыпова не засяляе ў адзін нумар турыстаў, калі ў кампаніі выключна мужчыны альбо калі гэта мужчына з дзецьмі. То-бок паехаць туды аднаму тату з дзецьмі ці мужчынскай кампаніяй сяброў не атрымаецца. Дарэчы, такое правіла не рэдкасць для Турцыі, таму звяртайце на гэта ўвагу, калі браніруеце адпачынак.
Чытайце таксама:
Мальдывы, Занзібар і Італія: куды панесла адпачываць прыхільнікаў Лукашэнкі
Спявачка Ірына Дарафеева адпачывала ў Турцыі ў гатэлі 18+ ФОТЫ